«Я веру ў тое, што выбар ёсць». Таццяна Караткевіч пачала выбарчую кампанію


Заслаўская акруга сталіцы – пяць гадоў таму тут Таццяна Караткевіч ужо спрабавала вылучыць сваю кандыдатуру ў Палату прадстаўнікоў. Гэтым разам ейная мэта – гарадскі савет дэпутатаў.

«Мы збіраемся цэлы месяц збіраць подпісы. Колькі гэта будзе – мы ня ведаем, планку не ставім. Для нас істотна – выкарыстаць гэты момант для працы з людзьмі. Мне, як прэтэндэнту трэба сабраць сто пяцьдзясят подпісаў… паглядзім, колькі забярэм», – кажа Таццяна Караткевіч.

Цягам некалькіх гадзінаў, пакуль нашая здымачная група шпацыравала разам з прэтэндэнткаю ў кандыдаты, назбіралі літаральна некалькі подпісаў. Некаторыя падзяліліся – чаму падтрымалі экс-кандыдатку ў прэзідэнты на выбарах 2015 году.

«Вельмі прыязная жанчына і я ў яе веру і паглядзела і яна мне спадабалася і думаю, што яна справіцца з тымі пытаннямі, што мы перад ёю паставім», – кажа выбарніца Заслаўскай акругі № 40.

Як падзялілася ў сераду старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, на гэтых выбарах ЦВК чакае ад гэтых выбараў з’яўлення нечаканых твараў і новых палітыкаў. Так толькі «Гавары праўду!» збіраецца вылучыць ажно 180 кандыдатаў у мясцовыя саветы. Ад партыі БНФ і беларускіх сацыял-дэмакратаў – Грамады вылучацца па 50 асобаў. Праваабаронцы ж яшчэ на этапе фармавання выбарчых камісіяў заявілі, што гэты працэс праходзіць фармальна і шэраг такіх структураў быў створаны загадзя. На меркаванне Таццяны Караткевіч, магчымыя фальсіфікацыі – не прычына для сыходу з электаральнай гонкі.

«Я веру ў тое, што выбар ёсць. Нават, калі людзі не выбіраюць, яны сваім ігнорам усё адно аддаюць сваё права галасаваць за іх іншым людзям. І таму мы хочам адчыніць дзверы мясцовых саветаў для людзей, каб яны адчулі важнасць свайго голасу, што яго трэба выкарыстоўваць», – мяркуе Караткевіч.

Да гэтага кандыдаты ў гарадскія абласныя і сталічны саветы маюць месяц для збору 150 подпісаў у сваё падтрыманне. Для кандыдатаў у саветы ніжэйшага ўзроўню хопіць 75 подпісаў. Асноўны дзень галасавання прызначаны на 18 лютага.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»