«Я ўбачыў сваю жонку ў крыві»: жыхары Бэйруту – пра выбух


Выбух, які забраў жыцці 135 чалавек. Каля 5 тысячаў параненыя. Кожную гадзіну лік загінулых і пацярпелых расце. Што сталася прычынаю гэтай катастрофы? Узарваліся амаль тры тоны аміячнай салетры.

Бэйрут разбураны за адно імгненне! Хэкмат Каай – уладальнік нядаўна адкрытай пякарні, якая цяпер патрабуе рамонту, – згадвае момант трагедыі:

«Я прыбыў у суседні порт Біль. Адбыўся выбух – я дастаў тэлефон, і раптам успыхнуў гэты велізарны пажар, і нешта збіла мяне з ног. Я ўстаю, іду, за 20 метраў ад мора. Я здымаў тое, што бачыў. Хтосьці побач быў мёртвы, жанчына крычала: «я не ведаю, дзе мая дачка».

Два моцныя выбухі прагрымелі ў порце сталіцы Лівану, Бэйруце, напярэдадні. Паводле ўладаў, выбухнула амаль тры тысячы тонаў аміячнай салетры, якая цягам шасці гадоў захоўвалася на складзе без захадаў бяспекі. Аднак дакладная прычына выбуху застаецца пакуль нявысветленая.

«Мы былі ўдома, мая жонка ляжала тут, а я з другога боку. Я пачуў гучны выбух і шум рэактыўнага самалёта. Выйшаў вонкі, каб паглядзець, што здарылася. Пакуль глядзеў на неба, нешта выбухнула і адкінула мяне назад унутр. І я ўбачыў сваю жонку ў крыві», – распавядае жыхар Бэйруту Булёс Тума.

Найбольш моцным быў другі выбух – пасля яго ў неба ўзнёсся вялізны вогненны шар. Выбуховая хваля была настолькі магутнаю, што разбурыла будынкі на адлегласці некалькіх кіламетраў ад порту, раскідала аўтамабілі і выбіла шыбы па ўсім горадзе.

«Памер шкоды сапраўды вялізны, цяпер цяжка ацаніць, але ён, безумоўна, вылічаецца мільярдамі [долараў]», – заявіў мэр Бэйруту Джамаль Ітані.

Гарадскія шпіталі перапоўненыя параненымі. Францыя ды Расея скіравалі ў Бэйрут медыкаў і неабходнае медычнае абсталяванне. Дапамогу Лівану прапанавалі таксама Турцыя, Іран, Ізраіль ды іншыя краіны. Падтрымку ліванскаму народу ў сувязі з трагедыяй выказаў Папа Рымскі Францішак:

«Памолімся за ахвяраў ды іхныя сем’і, памолімся за Ліван, каб… ён змог перанесці гэты трагічны і балючы момант ды пераадолець з дапамогай міжнароднай супольнасці цяжкі крызіс, які ён перажывае», – заклікаў пантыфік.

Міністэрства замежных справаў нашай краіны паведаміла, што звестак пра пацярпелых беларусаў пры выбуху ў Бэйруце няма.

Анастасія Русецкая, «Белсат»