«Я стары пенсіянер і выконваю свой абавязак». Хто ходзіць на выбары ў Беларусі?


У Беларусі 18 лютага – асноўны дзень галасавання на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання. Як яны праходзяць, хто ідзе галасаваць ды навошта?

Датэрмінова, паводле звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, прагаласавалі амаль 35 % выбарнікаў, хоць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прагназавала яўку ад 25 да 32 %. Афіцыйная датэрміновая яўка сёлета нават абагнала мінулыя мясцовыя выбары – у 2014 годзе яна склала 32,04 %.

«Можа быць па яе падліках яны і галасавалі датэрмінова, толькі самі выбарцы пра гэта не ведаюць, і я думаю, што калі правесці праверку гэтых спісаў, там і блізка не будзе тых лічбаў, якія дэкларуюць камісіі і спадарыня Ярмошына», – кажа старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Аляксандр Лукашэнка парушыў шматгадовую традыцыю галасаваць разам з сынам ды сёлета прыйшоў на выбарчы ўчастак самастойна. Сярод апазіцыйных палітыкаў няма агульнай стратэгіі адносна ўдзелу ў кампаніі. Палітык Уладзімір Някляеў лічыць, што тыя, хто ідзе на выбары, падыгрываюць уладам.

«Паглядзіце, як радуецца, квітнее ў гэты час спадарыня Ярмошына. Якія перлы адпускае спадар Лукашэнка. Яны гуляюць. Яны перасоўваюць гэтых алавяных салдацікаў. Глядзяць, у які бок яны бягуць, яны ім там ставяць кардон казакаў, яны ў іншы бок – там АМАП», – адзначае палітык Уладзімір Някляеў.

Іншыя кажуць, што выбары – гэта адзіная магчымасць атрымаць паўнамоцтвы людзям, якія маюць альтэрнатыўнае бачанне.

«Вельмі важна альтэрнатыва, гэта чалавек ці ў савеце, ці ва ўладзе, з якім можна паспрачацца. Якія сапраўды будуць адстойваць нейкае кампраміснае рашэнне. Ці рашэнне, якое лепшае для людзей. Але шмат якіх кандыдатаў, альтэрнатыўных вылучэнцаў прэсавалі на моманце падачы дакументаў, збору подпісу», – распавядае Таццяна Караткевіч.

Хаця сярод апытаных намі выбарнікаў не было людзей, якія ідуць галасаваць, каб нешта змяніць у нашай краіне.

Менчукі кажуць:

«Я стары пенсіянер і выконваю свой абавязак».

«Па старай звычцы, што трэба. Ну як жа не ўдзельнічаць?».

«Па звычцы, мы так выхаваны з маладых нагцей. А ўвогуле, вы ведаеце, неяк ні ўрачыста, ні святочна».

Меркаванні менчукоў адносна веры ў справядлівы падлік галасоў падзяліліся:

Менчукі кажуць:

«Канешне верым, так як падлік галасоў камісіі ажыццяўляюць шчыра, а што далей з пратаколамі адбываецца, гэта ўжо праблема не камісіі»

«Не веру і не пайду. Таму што выбары бессэнсоўныя»

«І буду толькі за камуністаў. Хачу вярнуцца ў той час, калі мы жылі. Мы жылі шчасліва і багата».

Выбарчыя ўчасткі скончылі сваю працу а 20-й гадзіне. Цяпер ідзе падлік галасоў.

Вольга Чайчыц, «Белсат»