«Я прэзідэнт, а не нехта!» Галоўныя заявы Лукашэнкі ў «вялікай размове»


Не чапаць старыны, не ўводзіць навіны! Больш як сямігадзінны выступ Аляксандра Лукашэнкі перад айчыннымі ды замежнымі журналістамі, бізнесоўцамі ды экспертамі сенсацыяў не прынёс. Новымі сталі толькі скаргі на прапаганду і эканамічную палітыку Крамля. Таксама нечакана часта кіраўнік Беларусі казаў пра незалежнасць.

«Ніколі Лукашэнка не быў супраць суверэнітэту і незалежнасці. Галоўны факт, які я магу вам прывесці ў сувязі з гэтым, – тое, што я прэзідэнт, першы прэзідэнт Беларусі, а не нехта».

Чалавек, які за незалежнасць Беларусі не галасаваў ды ствараў з Расеяй адзіную дзяржаву паўтарыў слова «незалежнасць» больш за дзесяць разоў. «98 % беларусаў прагаласуюць супраць уваходжання ў склад Расеі, бо выраслі новыя пакаленні», – заявіў Аляксандр Лукашэнка. Уздым патрыятызму эксперты тлумачаць проста.

«Праблемы ў эканоміцы нарастаюць, да гэтага дадаўся гэтак званы падатковы манеўр у Расеі, які ўжо негатыўна адбіваецца на беларускай эканоміцы. Таму гэтая тэма выйшла наперад. І, я думаю, яна стане асноўнай на будучых прэзідэнцкіх выбарах», – кажа сацыёлаг Сяргей Нікалюк.

У патрыятычным запале Лукашэнка нават паабяцаў не ставіцца варожа да старонак гісторыі, якія раней лічыў антысавецкімі, – напрыклад, да Беларускай Народнай Рэспублікі або сталінскіх рэпрэсіяў.

«Што датычыць ролі БНР, значэння БНР, вы бачыце, што мы зрабілі нават на ўзроўні прэзідэнта пераацэнку каштоўнасцяў і спакойна рухаемся ў кірунку, каб разабрацца, як было, што было», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

Але гэта абсалютна не азначае, што Лукашэнка возьме курс на беларусізацыю або расстанецца з савецкай ідэалогіяй ды эканомікаю, каментуюць эксперты. Каментуе Пётр Рудкоўскі, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў:

«Тое, што з’яўляецца фундаментам незалежнасці, – нацыянальная тоеснасць, дэмакратызацыя, рынкавая эканоміка – у гэтым плане ў яго вельмі сурʼёзныя хістанні».

Лукашэнка хоча ўмацаваць суверэнітэт, але адначасова захаваць савецкія аўтарытарныя традыцыі. Аднак пабудаваць нацыянальную ідэю на святкаванні Першамаю ды Кастрычніцкай рэвалюцыі чамусьці не ўдаецца.

«Ведаеце, штосьці збіта, штосьці не падыходзіць нам. Ну вось не кладзецца на сэрца і душу, як у народзе кажуць. Быў бы настолькі ўдзячны, калі б нехта сфармуляваў гэтую ідэю і пераканаў мяне, што гэта тое, што трэба», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Спалучыць неспалучальнае не атрымліваецца, а «незалежнасць» пакуль застаецца незалежнасцю персанальнай улады Лукашэнкі.

«Беларус – гэта той, хто падтрымлівае беларускую дзяржаву на чале з Лукашэнкам. І такі нацыяналізм усе гэтыя гады дзяржавай раскручваецца», – тлумачыць сацыёлаг Сяргей Нікалюк.

Праўда, далёка не ўсе грамадзяне лічаць, што без Лукашэнкі беларуская дзяржава знікне.

«Не зможа, не зможа страціць незалежнасць. Таму што беларусы – народ крэпкі, стойкі!»

«Незалежнасць – гэта ўсё для нас, беларусаў! Нават мовы не можа быць!»

«Ну не будзе яго, будуць іншыя. Раней ці пазней у нас ды ўлады прыйдуць маладыя. Моладзь у нас вельмі разумная», – мяркуюць жыхары Віцебску.

Але пакуль што разумнай моладзі Лукашэнка саступаць не хоча. На сённяшняй сустрэчы з журналістамі ён заявіў, што намераны балатавацца на шосты прэзідэнцкі тэрмін.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: Nikolai Petrov / BelTA / TASS / Forum