«Я ніколі сябе не называў фашыстам ці нацыстам». Пяць гадоў пазбаўлення волі за перапост у сацыяльных сетках?


Беларусаў працягваюць пераследаваць за распаўсюд матэрыялаў, якія дзяржава лічыць экстрэмісцкімі.

«Я выдаліў сваю старонку ва «Укантакце» і гэтыя відэаролікі», – кажа мянчук Аляксей Ясюкевіч, які так зрабіў летась пасля таго, як трапіў пад следства за перапост відэаролікаў чатырохгадовай даўніны. У 2018-м суд Цэнтральнага раёну сталіцы прызнаў відэа экстрэмісцкімі, і на хлопца адразу ж завялі крымінальную справу.

«Я ніколі сябе не называў ні фашыстам, ні нацыстам, увогуле супраць расізму, супраць любой дыскрымінацыі, і каб мяне прыцягвалі паводле 130 артыкулу аб распальванні нейкай варажнечы, для мяне гэта было вельмі дзіўна», – узгадвае хлопец.

У 2015 годзе хлопец зрабіў перапост двух ролікаў: эпатажнага кліпу расейскага рэпера і гістарычнага кароткага дакументальнага кіно пра Дзень Перамогі. На той час яны яшчэ не былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

«Канечне, лагічна было прыцягнуць чалавека да адміністратыўнай адказнасці паводле часткі 2 артыкулу 17.11 замест таго, каб заводзіць крымінальную справу. Тым больш, што калі мы паглядзім на сам гэты ролік, то выклікаюць пэўныя сумневы, ці ён сапраўды экстрэмісцкі, там даецца проста ацэнка пэўных гістарычных падзеяў», – кажа праваабаронца Наста Лойка.

Паводле праваабаронцаў, толькі сёлета прынамсі чатырох чалавек прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за распаўсюджванне матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Крымінальны пераслед зазналі сёлета прынамсі 5 чалавек.

«Ёсць міжнародныя прынцыпы, якія кажуць, што такія выпадкі могуць распаўсюджвацца толькі на сітуацыі, якія трэба комплексна ацэньваць. Глядзець, хто робіць выказванні, наколькі яны вострыя, наколькі яны сапраўды распальваюць варожасць. І ў мяне ёсць адчуванне, што працаўнікі міліцыі не кіруюцца гэтымі прынцыпамі», – мяркуе Наста Лойка.

Спіс матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі, увесь час абнаўляецца. У сакавіку туды трапіла старонка слонімскіх футбольных заўзятараў у сацыяльнай сетцы «УКантакце» і адна абрэвіятура на беларускай мове.

Вымавіць абрэвіятуру або паказаць ці напісаць яе мы не можам. Таксама не можам і паказаць эпізодаў відэаролікаў са спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. Інакш суд можа прыцягнуць і нас да адміністратыўнай або нават крымінальнай адказнасці.

У сацыяльных сетках грамадскі актывіст, былы палітвязень Мікола Дзядок запусціў флэшмоб «я-экстрэміст»: ён заклікаў посціць на сваіх старонках фота або спасылкі на матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі. Іншы актывіст Пятро Маркелаў падтрымаў флэшмоб.

«У гэтым спісе ёсць такія рэчы, як, напрыклад, выява з назвай «без названия» ці іншыя выявы з незразумелымі назвамі. Змест гэтых выяваў там не патлумачаны. Тое ж самае туды трапляюць абсурдныя рэчы, як камбінацыя з чатырох літар, якая ў маім выпадку трапіла на фотаздымак», – кажа Пятро.

Следства ж у дачыненні Аляксея Ясюкевіча ідзе ўжо год. Маладзёну пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Наста Кахановіч, belsat.eu