«Я не ведаю, каго пахавала. Мне кажуць, што гэта мой муж». Пахавалі ў мяху і патрабуюць грошы


У надзвычайнае становішча трапіла жыхарка Мар’інай Горкі. Памерлага мужа ўдава пахавала ў цэлафанавым пакеце, бо цела распалася, пакуль было ў гарадскім моргу. У дадатак мясцовыя ўлады патрабуюць ад пенсіянеркі 240 рублёў за пахаванне на вясковых могілках.

Ні жонка з дзецьмі, ні блізкія сваякі не змаглі развітацца з памерлым, жыхаром гораду Мар’іна Горка Пухавіцкага раёну.

«Было горача, і яго аддалі мне на чацвёртыя суткі ў мяху – у труне ляжаў мех. Я яшчэ папрасіла: пакажыце мне яго, але мне сказалі вам нельга яго паказваць, гэта ён. Я не ведаю, каго я пахавала. Мне кажуць, што гэта мой муж», – кажа ўдава Ніна Рабчык.

Цела памерлага распалася ў трупярні марʼінагорскага шпіталю мінулым летам у сапсаваных лядоўнях пры тэмпературы плюс 28. Вінаватых не знайшлі. Затое ад удавы амаль год патрабуюць 240 рублёў за пахаванне нябожчыка на вясковых могілках. Маўляў, паводле закону, бясплатна хаваюць толькі «мясцовых».

«З тым звязана, што ён тут не нарадзіўся. А тое, што мы пражылі на тэрыторыі раёну 39 гадоў, гэта нідзе не ўлічваецца. Што ён працаваў, пайшоў на пенсію, плаціў падаткі ў Пухавіцкі раён – яму ўсё роўна няма тут месца. І дзесяць месяцаў мне няма ніякага спакою», – працягвае Ніна Рабчык.

Грошы патрабуюць за месца на вясковых могілках, дзе няма і прыкметаў упарадкавання. Прыбіраць вясковыя могілкі мусіць мясцовы сельскі савет. Але, як бачым, гэтае прыбіранне вельмі ўмоўнае. І калі б не самі вяскоўцы, то могілкі б ператварыліся ў сметнік.

Удава звярталася ў розныя інстанцыі, у тым ліку да новапрызначанага старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Віктара Каляды. Аднак чыноўнік загадаў грошы з пенсіянеркі спагнаць праз суд. Ягоная намесніца пазіцыі раённай адміністрацыі патлумачыць не здолела.

«Не магу вам сказаць, хто і што, якія дакументы збірае на яе ў суд. Я ведаю, што яна звярталася, – магчыма, больш дакладна скажуць у аддзеле зваротаў грамадзянаў, на якога выканаўцу гэты зварот распісаны. Але я не магу вам сказаць», – адказвае намесніца старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Наталля Чарнышова.

Асаблівую вядомасць адміністрацыя Пухавіцкага раёну здабыла летась, калі тут была арыштаваная група чыноўнікаў на чале са старшынём. Аднак на лепшае стаўленне да людзей гэта не паўплывала, сцвярджае грамадскі актывіст, які пераканаўся ў гэтым на прыкладах іншых жыхароў Пухаўшчыны.

«Гэта раён, дзе быў такі моцны ператрус у мінулым годзе, калі прайшлі арышты. Але, калі аднаго прыбіраюць, а дзесяць застаюцца – нічога не змяняецца. Мы кажам, што будуем IT-краіну, – цудоўны лозунг. Але структуру, штатны расклад гэтай краіны запаўняюць людзі ўчорашняга дня», – мяркуе грамадскі актывіст Мікалай Галко.

Можа, таму і атрымоўваецца: памерлага жыхара Марʼінай Горкі амаль год няма на гэтым свеце, але абавязаным гэтаму свету ён застаецца нават пасля смерці.

Галіна Абакунчык, belsat.eu