«Я хачу выйсці ў парк і паслухаць салаўёў». Невідушчай жанчыне не дазваляюць мець суправаджаючага


У Маладзечне жанчыне з інваліднасцю першай групы ўжо год не дазваляюць аформіць афіцыйнага суправаждаючага. Так называецца асоба, якая даглядае за інвалідам першай групы або за людзьмі сталага ўзросту і атрымлівае дапамогу з бюджэту.

Спадарыня Людміла не бачыць з дзяцінства. Разабрацца з грашыма ды іншымі бытавымі справамі пенсіянерцы дапамагаюць сяброўкі ды суседкі. Бо самастойна выйсці з дому яна не можа.

«Я таксама хачу выйсці ў парк і паслухаць салаўёў, я хачу адчуць рынак, кірмаш – што гэта жыццё, людзі. Паглядзець, які агурок вырас, пакласці яго сабе ў пакецік», – кажа Людміла Дзямідчык, якая мае інваліднасць па зроку.

Хатнія справы спадарыня Людміла прызвычаілася рабіць самастойна, аднак здараюцца непрыемныя сітуацыі.

«А валасы ўспыхнулі разам з маёй начной кашуляй і разам з халатам. Загарэлася ўся мая спіна, разам з валасамі, праз маю такую неасцярожнасць», – кажа Людміла Фёдараўна.

Жанчына знайшла памочніцу, якая хоча аформіць дапамогу для дагляду. Аднак Маладзечанская камісія прызначэння пенсіяў адмовіла. І прапанавала Людміле замест гэтага ўзяць сацыяльнага працаўніка.

«Няўжо сацпрацаўнік мяне будзе даглядаць так? Ён прыляціць на 15 хвілінаў, і ў яго такіх, як я, восем чалавек. Ён будзе на тры дні са мной у паліклініку хадзіць?» – абураецца спадарыня Людміла.

У Беларусі больш за шэсцьдзесят тысяч чалавек маюць інваліднасць зроку. Каля траціны з іх атрымалі першую групу інваліднасці. І паводле пастановы Савету Міністраў, усе людзі з першай групай маюць права на чалавека, які будзе іх даглядаць.

«Гэта датычыць кожнай асобы, у якой ёсць асаблівыя патрэбы асабістага характару, якія ён не можа выканаць самастойна два або часцей разы на содні. Так, каб проста сказаць: чалавек не можа сам сабе згатаваць ежу, ці не можа сам апрануцца, не можа сам ванну прыняць», – каментуе сітуацыю дырэктар офісу па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Але шмат людзей не могуць аформіць дапамогу для дагляду чалавека з інваліднасцю:

«Усе асобы, малодшыя за 18 гадоў, а таксама тыя, хто старэйшы за вызначаны пенсійны ўзрост, – то бок пенсіянер не можа быць. Акрамя таго, людзі, якія атрымліваюць практычна любую форму выплатаў, дапамогі – нават страхавыя выплаты», – кажа Сяргей Драздоўскі.

Дапамога для дагляду за чалавекам з інваліднасцю складае крыху больш за 200 рублёў. Улічваючы спецыфіку і цяжкасць працы, не шмат хто згодзіцца выконваць яе за такія грошы.

А спадарыня Людміла знайшла такога чалавека. Толькі вось маладзечанскія сацыяльныя службы ўжо год адмаўляюць ёй у праве, якое гарантаванае заканадаўствам.

«Чаму маё жыццё павінна прайсці на гэтай лавачцы ці на маёй канапе?» – абураецца жанчына.

Наста Кахановіч, belsat.eu