«Я чакаю пракурора»: актывістка Руху Маці 328 галадае пад сценамі Валадаркі


Ужо больш за содні актывістка Руху Маці 328 Марына Мацулевіч застаецца пад сценамі ізалятару на вуліцы Валадарскага. Кабета лічыць, што следчыя сфальсіфікавалі справу супраць ейнага сына, які ўжо больш за год сядзіць за кратамі. Маладзёна асудзілі на 14 гадоў зняволення паводле часткі 4 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу за незаконны збыт наркотыкаў.

Марына Мацулевіч, Рух Маці 328: «Калі нешта дзесьці схавана, без маёй падказкі вы гэты тайнік будзеце шукаць… Тым больш што часцей за ўсё паху гэтых рэчываў сабакі не чуюць. Ясная справа, што ўсе спрыяюць. Ну дык цаніце гэта, паважайце гэта, гэта дапаможа скончыць увесь гэты бардак. Не, вы працягваеце садзіць нашых дзяцей, пастаўляеце гэта ўсё нам».

Падтрымаць Марыну Мацулевіч да муроў следчага ізалятару нумар 1 прыйшлі і іншыя актывісткі Руху маці 328.

Жанна Гойдзь, Рух Маці 328: «Майго ўвогуле ўзялі ў 16 гадоў, ішоў спачатку па 1-й частцы, потым рэзка перакінулі на 3-й частку, паколькі ён – наркадылер. Які ён наркадылер у свае 16, калі я яму бялізну за свае грошы набываю?»

Юлія Астраўко, Рух Маці 328: «Там сядзяць 17 тысяч падлеткаў. Дзеці сядзяць усе ні за што. Іх усіх падводзяць пад 3-ю і 4-ю часткі. Хаця рэальна справы, у якіх праходзяць дзеці, мусяць разглядацца па 1-й і 2-й частцы».

Гэта не першая спроба адчайнага кроку ўдзельніц руху: увесну маці-328 з розных гарадоў Беларусі правялі без ежы 15 дзён, каб дабіцца сустрэчы з Лукашэнкам. Маці асуджаных за распаўсюд наркотыкаў намагаюцца, каб улады стварылі адпаведную камісію, якая б магла перагледзець дзейнае заканадаўства і змякчыць пакаранне паводле гэтага артыкулу Крымінальнага кодэксу. Цяпер адпаведны праект закону разглядае Палата прадстаўнікоў.

Віталь Бабін, «Белсат»