Аб'ектыў 05.12.2019 «Я бываю ў тых мясцінах, дзе не так проста пабываць». Чаму беларусы займаюцца валанцёрствам?


Валанцёрства – гэта не толькі дапамога дзецям-сіротам ці жывёлам у прытулках, але і актыўная грамадская пазіцыя.

Любоў з дзяцінства захаплялася жывою прыродай. Два гады таму яна пабачыла, што грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» шукае валанцёраў для летніку. Вырашыла паехаць і з тых часоў актыўна валанцёрыць у гэтай найбуйнейшай прыродаахоўнай арганізацыі Беларусі.

«Я дапамагаю захаваць біяразнастайнасць у Беларусі. І ў той жа час атрымліваю новыя эмоцыі, даведваюся штосьці новае, бываю ў тых мясцінах, у якіх не так проста і пабываць», – дзеліцца сваймі ўражаннямі Любоў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Валанцёры – важная частка «Аховы птушак Бацькаўшчыны». Агулам у арганізацыі больш за 100 валанцёраў па ўсёй краіне. Некаторыя з іх разам з арганізацыяй з самага яе заснавання.

«Сама грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» – гэта і ёсць валанцёры, якія разам з намі дапамагаюць ажыццяўляць прыродаахоўную дзейнасць».

Валанцёры арганізацыі часта працуюць у палях: косяць вярбу, рамантуюць плаціны, лічаць птушак. Таксама дапамагаюць рабіць ілюстрацыі, пераклады, брашуры і нават стыкеры ў мэсэнджарах. Яны мусяць добра разбірацца ў птушках. Галоўны дапаможнік у гэтым – «Вызначальнік птушак». У зборніку даюцца апісанні беларускіх птушак.

Валанцёрства – гэта не толькі дапамога жывёлінам у прытулках або сталым людзям. Яно можа закранаць любыя сферы: экалогію, спорт, культуру, прасоўванне каштоўнасцяў.

«Філантропія – гэтая вузкая накіраванасць, гэта адна з частак валанцёрства. Але толькі адна з іх. На мой погляд, валанцёрства – гэта твая актыўная сацыяльная і грамадская пазіцыя», – кажа старшыня праўлення менскай арганізацыі «Ліга добраахвотнай працы дзяцей і моладзі» Вольга Шмігельская.

Вольга Шмігельская адзначае, што ў Беларусі цяпер пачынаюць разумець валанцёрства шырэй. Мяняецца і партрэт беларускага валанцёра. Калі раней гэта былі студэнткі 2–3 курсаў, то цяпер межы больш размываюцца і валанцёрыць пачынае ўсё больш сталых людзей. Агулам, паводле ААН, летась у валанцёрства было ўцягнута амаль 300 тысячаў беларусаў.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары