«Я буду з імі змагацца да апошняй кроплі крыві!». Па ўсёй краіне судзяць дэмакратычных актывістаў

Адныя выходзяць на волю, іншыя трапляюць на лаву падсудных. У шэрагу гарадоў па ўсёй краіне сёння паплечнікі сустракалі асуджаных за ўдзел у акцыях блогера Ціханоўскага, а суддзі разглядалі чарговыя справы актывістаў.

Трэці дзень не спыняецца судовы канвеер у Берасці. Пры гэтым на лаве падсудных былі і пратэстоўцы супраць акумулятарнага заводу, і праваабаронцы. Некаторыя – ужо не першы раз за гэтыя дні. Сёння ўсім – штрафы, акрамя праваабаронцы Рамана Кісляка, працэс над якім перанеслі на 19-га траўня.

«У выпадку з Берасцем, мне падаецца, гэта яшчэ звязана з тым, што ўлады далі зялёнае святло на запуск акумулятарнага заводу. Мы бачым, што сітуацыя рухаецца ў гэтым накірунку, на жаль», – тлумачыць узмацненне рэпрэсіяў супраць актывістаў праваабаронца цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

А ў Віцебску блогерка Алена Янушкоўская атрымала пракурорскае папярэджанне за размяшчэнне ролікаў, якія нібыта ганьбяць чыноўнікаў.

«Я сумленны чалавек, у якога ёсць сумленне і якому баліць. І я буду з імі змагацца да апошняй кроплі крыві!» – пераконвае аўтарка блогу «Настоящая Беларусь». На 29-га траўня перанеслі суды над пінчуком Анатолем Чэшуіным ды магілёўцам Ігарам Шчамялёвым.

Пры гэтым сілавікі, якія сведчылі ў судзе супраць Шчамялёва, не здолелі апазнаць яго на відэа з акцыі ды паказалі на зусім іншага чалавека. Абвінавачаны склаў хадайніцтва аб білінгу ягонага тэлефона, каб давесці, што на акцыі ён не прысутнічаў.

«Я часова беспрацоўны. Жонка працуе, а я сяджу з дзіцём. Мы яго не водзім у садок, таму я ўдома. У той дзень у жонкі якраз быў выходны, мы разам былі дома. Анікуды не выходзіў. І ўласна пра сход, на які прыязджае Сяргей Ціханоўскі, я не ведаў», – тлумачыць Шчамялёў.

На момант рыхтавання матэрыялу заставаўся невядомы лёс і месцазнаходжанне яшчэ аднаго магілёўца – Васіля Курушына, якога затрымала міліцыя – нібыта таксама за ўдзел у акцыі Ціханоўскага. А ў Менску ды Вілейцы суды выпісвалі сёння ўдзельнікам акцыяў Ціханоўскага штрафы.

«Усё залежыць ад актыўнасці ўдзельнікаў выбарчага працэсу, прадстаўнікоў апазіцыйных групаў. Калі гэтыя пратэсты, якія могуць адбывацца, будуць успрымацца ўладамі як патэнцыйна небяспечныя, якія патэнцыйна расхістваюць сітуацыю, будуць пагражаць стабільнасці, то ўлады будуць дзейнічаць вельмі жорстка», – прагназуе Стэфановіч.

Суды над актывістамі працягнуцца і заўтра.

Валера Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама