«Я баюся тут хадзіць». У Бараўлянах дзеці ідуць у школу праз цёмны лес


Маленькім жыхарам Бараўлянаў, што пад Менскам, у школу даводзіцца хадзіць па дарозе, дзе няма ходніку, а калі дарога заканчваецца, трэба ісці праз неасветлены лесапарк. Што можна было б змяніць: пабудаваць школу бліжэй, зрабіць належную дарогу? Але ці збіраюцца ўвогуле нешта рабіць мясцовыя ўлады?

Згодна з падлікамі мясцовых жыхароў, па вуліцы Аграрнай, што ў Бараўлянах, у ранішнія гадзіны праязджаюць некалькі дзясяткаў аўтамабіляў у хвіліну. І ніякіх тратуараў тут няма. Менавіта гэтым шляхам некаторыя бараўлянскія дзеці дабіраюцца ў школы.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Немагчыма дабрацца без перашкодаў нават у нядаўна пабудаваную школу № 3. З аднаго боку тут поўная бездараж, з другога – лесапарк. Вікторыя Равяка з дачкою, першакласніцай Сафіяй, кожную раніцу спрабуюць даехаць у школу на аўтобусе:

«Два рэйсы зранку. А 7:09 і а 7:34. Іншых рэйсаў няма».

Але бывае, аўтобус прыязджае не ў час, ці ён перапоўнены. Тады Сафія едзе ў школу маршруткаю, а далей ідзе праз лесапарк.

«Дзіця вымушанае ісці па бездаражы, па ўзбочыне, дзе няма ні абсталяванай зоны, ні ліхтароў, а далей – уваход у лес, там, дзе бруд, бадзяжныя сабакі, якія могуць часам агрэсіўна нападаць на дзяцей і дарослых», – распавядае Вікторыя Равяка.

Праз лесапарк 2–3 разы на тыдзень Сафія вяртаецца дадому пасля факультатываў – аўтобусаў у гэты час проста няма:

«Мне не падабаецца па гэтым лесе хадзіць, я баюся. Тут бываюць сабакі дзікія і яшчэ ўсякія дзікія жывёліны».

Няма ў дзяўчынкі і бліжэйшай школы. Паводле нарматываў, агулам у Бараўлянах цяпер не хапае 2 школаў і 7 дзіцячых садкоў. Актывістка Марыя Вайтовіч расказвае:

«У нас праблема Бараўлянаў у тым, што далёка не ўсе ходзяць у школы побач з домам, і вельмі часта даводзіцца пераадольваць кіламетры. Дзе па бездаражы, дзе без ходнікаў уздоўж ажыўленай заасфальтаванай дарогі, дзесьці праз лес, дзесьці прамзонамі».

У сельсавеце Бараўлянаў нам паведамілі, што за дарогі адказвае прадпрыемства «Менгаррамаўтадар», і сельсавет ужо накіраваў ім хадайніцтва добраўпарадкаваць некаторыя дарогі.

«10 студзеня гэтае хадайніцтва сышло. Будзем глядзець, што яны ўключаць у рамонт на гэты год», – распавядае Жанна Варабей, старшыня сельсавету.

Мы знайшлі справаздачу «Менгаррамаўтадару» за мінулы год. Згодна з ёю, на рамонт бараўлянскіх дарог выдаткавалі больш за паўтара мільёна рублёў. З іх на Бараўляны прыпала траціна, на Лескаўку – 27 %, Дроздава – 20 %, Вопытны – 16 %. Каля адсотка ад агульнай сумы пайшло на дарогі вёсак Чарцяж і Слабашчына.

Якія дарогі будуць уладкоўваць у гэтым годзе, і колькі сродкаў на гэта выдаткуюць, пакуль невядома.

Алена Дубовік belsat.eu