Вызваленні і новыя арышты незалежных журналістаў


Сёння ў Менску пасля 72 гадзінаў зняволення з ізалятару часовага ўтрымання выйшла журналістка-фрылансерка Марыя Грыц. Яшчэ ўчора суд Заводскага раёну аштрафаваў яе на 540 рублёў нібы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, але з-за кратаў яе не выпусцілі.

«Мы чакаем, чакаем. Ужо людзі перасталі выходзіць адусюль. Тады зразумелі, што, можа затрымалі, нешта з паперамі. Тады зразумелі, што нешта не так. Я адзін пайшоў да ІЧУ да дзвярэй і запытаў, што ў прынцыпе адбываецца. Мне адказалі канкрэтна, што Марыя Грыц у нас, на яе прывезлі з РУУС яшчэ адзін пратакол», – распавядае Мікіта, муж затрыманай журналісткі Марыі Грыц.

На журналістку склалі пратакол за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыянтаў падчас затрымання на апошнім жаночым маршы. Справу разглядалі ў тым жа судзе і па выніку адправілі на дапрацоўванне.

«Сёння быў цырк насамрэч. Таму што ў мяне, па-першае, быў той жа сведка, які і ўчора. Учора ён казаў, што ён бачыў, як мяне затрымлівалі а трэцяй гадзіне ў адным месцы, а сёння ён ужо бачыў, як мяне а пятай гадзіне затрымлівалі ў іншым месцы. І, нягледзячы на тое, што гэта відавочная супярэчнасць, суддзя вырашыў, што трэба справу дапрацаваць», – дзеліцца вызваленая журналістка-фрылансерка Марыя Грыц.

Пасля 15 содняў арышту з Жодзінскага ізалятару выйшаў журналіст выдання «Прессбол» Сяргей Шчурко. Такі тэрмін яму прызначылі як удзельніку несанкцыянаванай акцыі.

«Следчыя з 1937 года былі б уражаныя той хуткасці, са знакамітай тройкі, Каліненскія, з якой мяне судзілі ў Першамайскім РУУС гораду Менску. Мне падаецца, усё было наканавана мне загадзя. Мне пасля сказалі: «Ведаеце, у вас жа яшчэ і штрафы за перавышэнне хуткасці ёсць», – прыгадвае спартовы журналіст Сяргей Шчурко.

Сёння ў Гомлі на волю мусіў выйсці журналіст Яўген Меркіс пасля 15 дзён арышту. Аднак яго пакінулі пад вартаю на 12 содняў, што засталіся ў Яўгена яшчэ са жніўня паводле пратаколу за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

«У рэгіёнах ёсць такая тэндэнцыя, што ціснуць на канкрэтных журналістаў. Многа раз за гэты год іх ужо затрымлівалі і складалі пратаколы, штрафавалі, саджалі на содні. І, безумоўна, у рэгіёнах працаваць значна цяжэй. Улады ствараюць такія ўмовы, каб проста гэты чалавек не змог працаваць», – зазначае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Сёння ж менскі суд Кастрычніцкага раёну асудзіў журналістку-фрылансерку Алену Доўнар на 15 содняў арышту і 1350 рублёў штрафу паводле двух артыкулаў: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне міліцыянтам. Алену затрымалі падчас апошняга жаночага маршу.

«Глабальна ўлады ажыццяўляюць такі ціск на журналістаў для таго, каб калегі не асвятлялі мерапрыемстваў, не асвятлялі грамадска-палітычнага жыцця. І гэта як журналісты «Белсату», так і журналісты іншых выданняў, якія здымаюць акцыі. Пастаянна ў нас фотакарэспандэнтаў збіваюць, забіраюць флэшкі. Усё накіраванае на тое, каб яны не хадзілі на акцыі», – мяркуе Барыс Гарэцкі.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, з пачатку 2020 года зафіксаваныя 344 выпадкі ціску на журналістаў. Асабліва заўважным гэта стала з пачаткам правядзення прэзідэнцкай кампаніі. З 9 жніўня вядома пра 207 выпадкаў затрымання і 54 – гвалту. На гэты момант за кратамі застаюцца адзінаццаць журналістаў.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»