«Выжываем проста». Сёння адзначаюць Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю


У пандэмію і палітычны крызіс не да асобаў з інваліднасцю? Сёння Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю.

«Пратакол ператрусу, пратакол канфіскацыі асабістых рэчаў. Гэта з Цэнтральнага РУУС»… Гэтую тэчку Мікалай, інвалід другой групы, сабраў за апошні месяц. На яго і ягоных сямейнікаў складаюць адміністратыўныя пратаколы за нібыта ўдзел у маршах, пры гэтым доказная база выклікае пытанні.

«Мы жывем у такім раёне… у нас Цэнтр гораду, Чарвякова, плошча Пераменаў, Стэла за 500 метраў ад нас. Тое, што мне выставілі ў РУУС: білінг, тое, што я знаходзіўся. Чакаю выклікаў, позваў, што да мяне прыйдуць зноў і скажуць: «Вы былі там». А як? Дзе мне трэба быць? Мне з’язджаць у нядзелю з гораду?», – скардзіцца Мікалай Бандарэнка.

У сямʼі канфіскавалі ўсе мабільныя тэлефоны і апошнія 100 рублёў, на якія меліся жыць некаторы час. Фінансавае становішча ў Бандарэнкаў складанае, Мікалай не можа працаваць.

«Я не бачу прыступкі, я не бачу колеру святлафора, не бачу нумары транспарту, асобаў я не вызначаю. Цяпер мы выжываем проста, мы жывём утраіх на маю дапамогу для асобы з інваліднасцю», – дзеліцца мужчына.

Чатыры гады Мікалай меў першую групу інваліднасці, што дазваляла ягонае жонцы даглядаць яго і атрымліваць дапамогу. Але тры гады таму першую групу замянілі на другую, тым самым пазбавіўшы дапамогі.

На ўсю сям’ю працягваюць ціснуць.

«Гэта вельмі цяжка, у мяне ціск з боку школы, сацыяльнага педагога і майго класнага кіраўніка», – кажа дачка Мікалая Яна.

Адказваючы на пытанне «чым дапамагла дзяржава сямʼі», Мікалай згадаў гадзіннік, што паведамляе час і… «Драўляную палку, з якой можна хадзіць па вуліцы. На гэтым дапамога скончылася»…

У Беларусі каля паўмільёна асобаў з абмежаванымі магчымасцямі, у Менскай вобласці іх каля 90 тысяч, у Менску – каля 120 тысяч.

Пандэмія каронавіруса не толькі абвастрыла ранейшыя праблемы інвалідаў, але і дадала новыя.

«Чалавеку ў вазку складана забяспечыць дыстанцыяванне, ён увесь час пракручвае… Як гэта зрабіць? Невідушчаму чалавеку, які жыве навобмацак, складана дыстанцыявацца. Для людзей са слабой імуннай сістэмай гэта вялікая праблема», – расказвае Сяргей Драздоўскі з Офісу ў правах людзей з інваліднасцю.

Яшчэ адной праблемай сталіся затрыманні ў планавым лекаванні ды шпіталізацыі, у якіх асабліва маюць патрэбу людзі з інваліднасцю. Паводле Сяргея, падчас пандэміі і палітычнага крызісу пытанні інваліднасці сышлі з парадку дня.

Але ёсць і некаторыя паляпшэнні.

«Мы прасунуліся ў стандартах даступнасці, архітэктуры, будаўніцтве і дызайне нашых прастор», – кажа Сяргей Драздоўскі.

Людзі з інваліднасцю сёння меліся выйсці на менскія вуліцы на марш, але сілавікі затрымалі некалькі чалавек яшчэ да пачатку акцыі. Затрымлівалі нават людзей у інвалідных вазках.

Алена Дубовік belsat.eu