«Выжыць у Беларусі» – гульня пра рэальнае жыццё ў краіне


Імправізаваную гульню пад назваю «Выжыць у Беларусі» зладзілі магілёўскія праваабаронцы. Замест фішак па полі ходзіць гулец. Задача – дажыць да 65 гадоў.

Правілы тлумачыць прадстаўнік Магілёўскай праваабарончай каманды «Mayday» Аляксандр Райкан:

«Пачынаецца з першага года жыцця і канчаецца 65 гадамі, бо гэта такі сярэдні ўзрост, калі ўсе паміраюць. А на працягу гэтага жыцця ён будзе сутыкацца з рознымі сацыяльнымі ці праваабарончымі праблемамі, якія існуюць у нашым грамадстве».

Адна клетка раўняецца году жыцця сярэднестатыстычнага беларуса. За кожным крокам хаваюцца тыповыя для Беларусі выклікі, размеркаваныя па перыядах: дзяцінства, юнацтва, спеласць і старасць.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«У 14 гадоў вас прымушаюць уступіць у БРСМ. Нягледзячы на спрэчкі, усім класам вы атрымліваеце чырвона-зелёныя камсамольскія квіточкі». – «Я не згодная, бо прымушаць чалавека нельга», – кажа ўдзельніца гульні Віка.

Удзельнік гульні Сяргей стаў на 15-ю клетку і атрымаў у «Тэлеграме» прапанову зарабіць. Нічога асаблівага, трэба раскласці па розных закутках маленькія пакуначкі з падарункамі. Згодна з легендаю на картцы, Сяргея за гэтаю справаю заўважыла міліцыя. Як часта бывае ў жыцці, не пашанцавала. І ў гульні Сяргей трапіў у турму на вялікі тэрмін. Свой гульнявы стан Сяргей тлумачыць так:

«Я трапіў па артыкуле 328 у турму і буду сядзець да 31 года. Гэта паламанае жыццё па сутнасці, і чалавек трапляе адразу ў дарослае жыццё, не зможа наладжваць сацыяльныя сувязі, сутыкнецца з праблемай працаўладкавання. Ну і ў чалавека будзе абмежаванае жыццё або наагул не будзе жыцця».

Пропуск ходу не толькі за артыкул 328, але і ў тых, каго адправілі па размеркаванні або забралі ў войска. Далей – болей. Адразу некалькі чалавек пакінулі гульню пасля клеткі 27 – смерць ад перадазавання.

«Жыццё ў Беларусі – крыху боль. Ты сыходзіш у запой», – чытае сваю картку Зміцер.

Іншых падкасіла анкалогія. Было лягчэй тым, хто стаў міліцыянтам ці дэпутатам. Агулам з 21 удзельніка да 65 гадоў дажылі толькі двое.

«Гэта пра тое, што жыццё ў нас нялёгкае. Я адзіны пакуль, хто выйшаў на фініш, дажыць складана, і тут трэба нямала шанцавання», – кажа пераможца гульні Зміцер Самусеў.

«Я стала жыву ў гэтай краіне ўжо 30 гадоў, я ўсё гэта бачыла і шмат бачыла ў сваёй сям’і. Я прымаю гэтую краіну, я ў ёй жыву, чалавек зможа справіцца з праблемамі, калі сам захоча», – кажа другая пераможца Яўгенія Хмуровіч.

Гульня «Выжыць у Беларусі» была распрацаваная магілёўскімі праваабаронцамі з каманды «Mayday» і ўпершыню праведзеная ў межах Тыдня правоў чалавека ў Магілёве.

«Гэтыя праблемы часцей вырашаюцца грамадскім дзеяннем. І гэтая гульня ў тым ліку засяроджаная на тым, каб людзі разумелі, што толькі разам яны могуць вырашыць праблемы, грамадскім супрацівам», – кажа прадстаўнік Магілёўскай праваабарончай каманды «Mayday» Аляксандр Райкан.

Каб развязаць сацыяльна-праваабарончыя праблемы ў Беларусі, арганізатары гульні раяць не баяцца абнародавання і рэзанансу ды заўсёды шукаць падтрымання: праваабаронцаў, прафсаюзаў і грамадства.

Вольга Васільева belsat.eu