«Высокі рэйтынг Лукашэнка – піяр-акцыя і не больш за тое»


Да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі застаецца тры тыдні. Згодна з афіцыйнаю статыстыкай, дзейны кіраўнік краіны мае высокі рэйтынг падтрымання – 76 адсоткаў. Аднак, паводле ранейшых незалежных апытанняў, гэты адсотак быў значна ніжэйшым. Таму праводзіць незалежныя апытанні папросту забаранілі.

9 жніўня ў Беларусі шосты раз пройдуць прэзідэнцкія выбары. З 1994 года вынікаў ніводных з іх Міжнародная супольнасць не прызнала.

«Уласна на гэтым усё і заканчваецца. Таму што ўся міжнародная супольнасць працягвае мець справу з тым урадам, з той уладаю, якая нібыта выбраная недэмакратычна. Сюды прыязджаюць амбасадары, якія ўручаюць даверчыя граматы менавіта Лукашэнку», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

«У беларусаў давер да дзейных уладаў і выбараў невысокі», – кажа палітолаг. Сярод іншага, на гэта паўплывала і стаўленне кіраўніка Беларусі да эпідэміі каронавіруса, якую Аляксандр Лукашэнка называў «каронапсіхозам», і рэпрэсіі падчас гэтае выбарчае кампаніі. Мы запыталі ў мінакоў на вуліцах сталіцы, ці яны вераць у тое, што будучыя выбары будуць справядлівымі.

«Не, не веру. А калі яны былі чэснымі ў нас? І на гэты раз будзе таксама, як і заўсёды».

«Не зусім. Я бачыў шмат навінаў, што падрабляюць ці прыбіраюць нейкімі іншымі спосабамі кандыдатаў-супернікаў».

«Не верым. Ну досвед, 26 гадоў жывем тут пры гэтых уладах. Ніколі яны не былі празрыстымі, ніколі яны не адпавядалі нормам. Чаму цяпер раптам, з якога перапуду?».

Але, паводле звестак Аператыўна-аналітычнага цэнтру, рэйтынг Лукашэнкі цяпер складае 76 адсоткаў. Разам з тым, паводле незалежных інтэрнэт-апытанняў, гэты лік не перавышаў шасці адсоткаў. Пасля публікавання гэткіх рэйтынгаў беларускім медыям забаранілі праводзіць палітычныя онлайн-апытанні.

«Забарона даследаванняў звязаная з тым, што гэтыя даследаванні паказалі б вельмі нізкі рэйтынг Лукашэнкі і даволі высокі рэйтынг падтрымання альтэрнатыўных кандыдатаў. Таму быццам і забаранілі. Замест гэтага прапануюць свае нібыта сацыялагічныя даследаванні. Але там, я так разумею, ніякіх даследаванняў няма, замест гэтага ёсць піяр-акцыя і не больш за тое», – мяркуе Валер Карбалевіч.

А ці вераць у высокі рэйтынг дзейнага кіраўніка краіны менчукі?

«З маіх знаёмых няма ніводнага, хто б быў за яго, ніводнага. І ў гэтых знаёмых, я пытаюся ці хто, таксама няма. Дык дзе знаходзяцца гэтыя 76, дзе знайсці, дзе ўбачыць?».

«Не. Калі шчыра браць у кожнага жыхара, то максімум 20 %».

«Веру – не веру, але будзе так».

Верагодна, гэтыя выбары пройдуць без удзелу міжнародных назіральнікаў. Не былі зарэгістраваныя ў выбарчыя камісіі і незалежныя прадстаўнікі грамадскасці.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»