Высокае рыхтуецца да «Дажынак». На рамонт тут чакалі больш за 30 гадоў


Высокае – пяцітысячнае памежнае мястэчка ў Берасцейскай вобласці. Гэта адно з тых паселішчаў, дзе капітальнага рамонту жыллёвага фонду і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры чакалі больш як тры дзесяцігоддзі. Але сёлета Высокаму пашчасціла: тут адбудуцца абласныя «Дажынкі». Як змяняецца мястэчка перад святам, назіраў Міхась Ільін.

«Пакуль аграрыі збіраюць апошнія зярняткі, у горадзе Высокае рыхтуюцца да абласнога свята «Дажынкі» – рапартуюць дзяржаўныя медыі. Добраўпарадкаваць мястэчка ў Камянецкім раёне трэба вельмі хутка – урачыстасць адбудзецца ўжо 8-га верасня.

«На сённяшні дзень цэнтр гораду выглядае як вітрына еўрапейскага супермаркету, але калі пойдзеш улева, управа – ёсць праблемы, недаробкі», – кажа Валянцін Лазарэнкаў з кампаніі «За наш горад».

Недаробак сапраўды хапае: у горадзе, дзе шмат раварыстаў, няма ніводнай роварнай сцежкі, ходнікі – без асфальту, пешаходныя пераходы маюць высокія бардзюры і гэтай далей. Усё гэта – дробныя недахопы велізарнай перабудовы, якая, дарэчы, каштавала дзяржаве больш за Br 6,5 млн.

«Як і ў іншых гарадах, гэтыя грошы ў асноўным выкарыстоўваюцца на прывядзенне ў парадак адміністрацыйных будынкаў: суды, пракуратуры, школы (што, вядома, добра), райкамы, выканкамы і шэраг іншых», – працягвае Валянцін Лазарэнкаў.

Усяго ў спісе – 40 абʼектаў. Але ў яго трапілі і недзяржаўныя будынкі. Напрыклад, Траецкі касцёл, заснаваны ў 1603-м годзе. Горад нават вылучыў на працы валанцёраў з БРСМ. Але без аўралу не абышлося і тут.

«З-за таго, што горад знаходзіцца ў Камянецкім раёне, пра яго забываюцца. Але ў гэтым годзе бюджэтныя сродкі ўсё ж былі. Шмат зрабілі і шмат робяць. На жаль, усё робяць у апошні момант. Спяшаліся, што не вельмі добра для будынку», – адзначае святар Траецкага касцёлу Андрэй Бародзіч.

А ці задавальняе мясцовых жыхароў тое, як вядуцца працы і як змяняецца горад? Вось што яны кажуць:

«Парк трэба яшчэ адрэстаўраваць, вельмі трэба. І людзі да нас пацягнуцца, і з-за мяжы прыедуць».

«Я б зрабіла больш паковачных месцаў, бо іх вельмі мала, яшчэ і прыбралі. Дрэнна стала машынай ездзіць – паркавацца няма дзе».

«Я бачу, што ёсць пэўныя недахопы. Вось асфальт не паўсюль паклалі, але я думаю, што з часам гэта ўсё зробіцца».

«Што нам бы яшчэ хацелася? Пэўна, каб нас не забывалі пасля «Дажынак». Каб нас не забылі яшчэ на 30 гадоў».

Калі нешта немагчыма абнавіць пры дапамозе пэндзля і шпаталя, то гэта можна прыхаваць за вялікім плотам. Але ці можна развязаць праблемы жыхароў, схаваўшы іх за высокім мурам?

Міхась Ільін, belsat.eu