Выпрабаванне каронавірусам


«Замежны вірус» пагражае Амерыцы. Гэтак прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп патлумачыў рашэнне, якое шэраг еўрапейскіх інфармагенцтваў назваў шакавальным.

«Мы прыпыняем усе пералёты з Еўропы ў Злучаныя Штаты на 30 дзён. Новыя правілы набудуць моц апоўначы ў пятніцу», – паведаміў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

На сёння ў ЗША зафіксавалі больш за тысячу выпадкаў заражэння, 38 чалавек памерлі. Амерыканскія медыкі адзначаюць недахоп лабараторных матэрыялаў для тэставання на каронавірус. Бракуе і іншых сродкаў.

«Нам трэба быць здаровымі, для вашай абароны нам патрэбны адпаведны персанал і прылады для працы. Дзякуй!», – сказала Маршыя Сантын, медсястра з Лос-Анджэлесу.

Агулам у свеце лік інфікаваных перавысіў 120 тысячаў. Чатыры з паловаю тысячы – памерлі. Жорсткія захады супраць распаўсюду віруса ўводзяць шмат якія краіны.

«Усе школы і дзіцячыя садкі будуць зачыненыя з панядзелка на два тыдні. Рэкамендуецца абмежаваць наведванне ў шпіталях і дамах састарэлых. Таксама раім не збірацца ў памяшканнях у колькасці больш за сто чалавек», – адзначыла Мэтэ Фрэдэрыксэн, прэмʼер-міністарка Даніі.

Зачынілі школы ў Вільні, а таксама ўва ўсёй Польшчы і ва Украіне. Чэхія абвесціла надзвычайнае становішча ды ўвяла кантроль на межах з Нямеччынай і Аўстрыяй. Славенія вызначыла асаблівыя правілы перасячэння мяжы з Італіяй.

Абмежаванні з аднаго боку дазваляюць зменшыць рызыку заражэння грамадзянаў, але ў той жа час прыносяць эканамічныя страты. Першымі на сябе гэта адчулі турыстычныя фірмы і перавозчыкі. Хвароба CoVid-19 таксама пацягнула ўніз кошты на нафту.

«Ацэнкі розныя. Мінімальна – гэта 0,4–0,6 % ад сусветнага ВУП. У выпадку найгоршага сцэнару – да 2,5 %», – лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Напярэдадні Сусветная арганізацыя здароўя абвесціла пандэмію. Гэты тэрмін у перакладзе з грэцкай мовы азначае «увесь народ», а сам статус падкрэслівае: эпідэмія распаўсюдзілася на некалькі кантынентаў, і лекаў супраць хваробы няма.

У сераду першы выпадак смерці ад каронавіруса быў зафіксаваны ў Балгарыі. Там загінула 66-гадовая жанчына. Сёння польскія ўлады паведамілі пра смерць 57-гадовай пацыенткі ў адным са шпіталяў на захадзе краіны. Жанчына стала першай ахвярай Ковід-19 у Польшчы. Толькі ў адной еўрапейскай краіне не выявілі выпадкаў заражэння – улады Чарнагорыі кажуць аб адмоўных выніках тэставання больш як дзвюх тысяч чалавек.

Юлія Лабанава, Ян Маравіцкі, «Белсат»