Вынікі суднага дня для абаронцаў незалежнасці Беларусі


Кароткае зацішша, а цяпер зноў рэпрэсіі. Адразу ў трох судах Менску каралі штрафамі ды арыштамі тых, хто арганізоўваў або браў удзел у дэманстрацыях супраць інтэграцыі 7 і 8 снежня.

У судзе Маскоўскага раёну сталіцы быў гарачы дзень: адбылося адразу 12 паседжанняў у дачыненні актывістаў, якія выйшлі на вуліцы Менску за абарону незалежнасці Беларусі.

«На падставе часткі 3 артыкулу 23.34 КоАП ужыць адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе адміністратыўнага арышту тэрмінам на 5 содняў», – кажа суддзя Таццяна Мотыль.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Актывістка Алена Талстая выйдзе з ізалятару часовага ўтрымання толькі ў апошні дзень 2019 года. Суддзя Таццяна Мотыль прызнала яе вінаватай у парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў – удзеле ў акцыях 7 і 8 снежня ў Менску без дазволу ўладаў. Апроч арышту, Алена мае сплаціць 1275 рублёў штрафу. На знак пратэсту яна абвесціла галадоўку.

«Гэтыя ўсе людзі проста не разумеюць, што, калі прыйдзе Пуцін, іх усіх тут не будзе. Яны тут нікому не будуць патрэбныя. Яны пойдуць у такі ж шлак, куды яны зараз грамадзянаў Беларусі адпраўляюць», – кажа Алена Талстая, сустаршыня Руху Салідарнасці «Разам».

765 рублёў прысудзілі Наталлі Саматый, а таксама Іллю Дабратвору, які прысутнічаў на акцыі як журналіст. Столькі ж атрымалі Алесь Лагвінец, Андрэй Войніч ды Ірына Шчасная. На судовыя паседжанні яны не з’явіліся.

Такія ж штрафы, што і Алена Талстая, атрымалі айцец Вікенцій ды Зміцер Казакевіч. Аўтамабіль апошняга раніцай да суда пільнавала міліцыя.

«Мяне судзіла таксама суддзя Мотыль, як і Алену. На знак пратэсту я вырашыў не ісці на свой суд. Бо той суд, які дае сапраўдным патрыётам, абаронцам Беларусі, такія прысуды не можа быць сумленны і справядлівы», – мяркуе Зміцер Казакевіч, грамадскі актывіст.

У судзе Фрунзенскага раёну Менску на 50 базавых асудзілі і арганізатара пратэстаў супраць інтэграцыі, лідара Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца. Палітык не збіраўся прыходзіць на суд, аднак міліцыя затрымала яго на выхадзе з пад’езду дому і ў адправіла на 15 содняў у ізалятар часовага ўтрымання. Пастанову аб арышце суд вынес яшчэ 18 снежня, аднак адпусціў Севярынца на волю. У судзе Савецкага раёну Менску штрафам 510 рублёў кожнаму пакаралі Дзяніса Садоўска, Пятра Папраўку.

«Практычна ўсе зараз атрымоўваюць па пошце пратаколы і потым запрашаюцца на судовыя паседжанні. Таму мэта тут адназначная і ўсім відавочная – збіць хвалю пратэстаў, якая зараз ёсць», – кажа Дзяніс Садоўскі, сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Паводле праваабаронцы Ігара Рынкевіча, на мірныя дзеянні дзеля абароны суверэнітэту Беларусі грамадзяне не мусяць прасіць дазволу ўладаў.

«Канстытуцыйны абавязак кожнага грамадзяніна абараняць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. Якраз зараз такое становішча, што праз перамовы Пуціна з Лукашэнкам губляецца суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Таму грамадзяне, якія выходзілі на акцыі, мелі на гэта права», – кажа Ігар Рынкевіч, былы адвакат і праваабаронца.

Як дадае праваабаронца, дзейнае адміністратыўнае заканадаўства проста не дазваляе арганізатарам у час падаваць заяўкі на правядзенне акцыяў. Між тым Віцебскі раённы суд вынес штраф 127 з паловаю рублёў толькі за заклікі далучыцца да мірнага пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Гаворка пра змешчаныя на асабістай старонцы ў «Facebook» і «ВКонтакте» пасты.

«Я не адмаўляю, што ёсць такі артыкул, і я яго парушыў. Другое пытанне: наколькі яна адпавядае Канстытуцыі? Над гэтым таксама будзем працаваць, будзем пісаць скаргі», – кажа Аляксей Прохараў.

Толькі за сёння ў беларускіх судах адбылося каля 2 дзясяткаў адміністратыўных паседжанняў над удзельнікамі антыінтэграцыйных акцыяў. Судовы канвеер працягнецца таксама 27 і 30 снежня.

Юлія Лабанава belsat.eu