Вынікі эканамічнага форуму «Беларусь у новым дзіўным свеце»


Еўразвяз рыхтуе адразу два новыя праекты падтрымкі прадпрымальніцтва ў Беларусі. Пра гэта на Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Менску заявіла Андрэа Віктарын. Што праўда, кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў нашае краіне падкрэсліла, што ўлады Беларусі мусяць пайсці насустрач ды рэфармаваць эканоміку так, каб дапамагчы прыватнаму бізнесу.

Кастрычніцкі эканамічны форум сёлета завецца літаратурна-філасофскі: «Беларусь у дзіўным новым свеце». Зусім як раман-антыўтопія «Дзіўны новы свет» пісьменніка Олдаса Гакслі пра дэгуманізацыю грамадства ў часы тэхналагічнага росквіту. У менскім гатэлі на праспекце Пераможцаў улады Беларусі, якую на Захадзе часта называюць «запаведнікам камунізму», сустракаюцца з прадстаўнікамі міжнародных арганізацыяў і Еўразвязу, які беларускае кіраўніцтва абвінавачвае ў «страце духоўнасці». Еўразвяз фінансуе канферэнцыю ў межах дапамогі ў развіцці нашай краіны.

«Надзвычай неабходна перабудаваць сістэму сацыяльнага страхавання, дзейнасці з беспрацоўем і аховай здароўя, каб у вас была стабільная сацыяльная сістэма. Гэта толькі дапаможа вам рабіць наступныя крокі, і пазітыўна паўплывае на рынак працы», – гаворыць Андрэа Віктарын, кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі.

Сёння прадстаўніца Еўразвязу заклікала ўлады Беларусі да маштабнай прыватызацыі і падтрымкі прыватнага сектару. Калі трэба, Аб’яднаная Еўропа гатовая падзяліцца сваім досведам рэфармавання эканомікі. Міжнародны валютны фонд таксама гатовы дапамагчы парадамі, і рэкамендуе Менску працягваць жорсткую манетарную палітыку.

«Праведзена нямала рэформаў, якія прынеслі макраэканамічную стабільнасць. Курс валюты стабільны, створаныя рэзервы. Эканоміка рэагуе трэндам адмовы ад долару. Але яшчэ шмат трэба зрабіць», – кажа старэйшы прадстаўнік МВФ у Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе Надым Ілягі.

Міністэрства фінансаў Беларусі, не выключае, што пасля доўгага перапынку звернецца да МВФ па крэдыт у 2020-м. Як заявіў на канферэнцыі міністр Максім Ермаловіч, штогод Беларусь мусіць шукаць па $ 1,5 млрд толькі на абслугоўванне знешняга доўга.

Міністр антыманапольнага рэгулявання, у сваю чаргу, распавёў «Белсату» аб праграме развіцця канкурэнцыі, пра магчымую адмену манаполіі дзяржавы на тэлефонную сувязь і паслугі пошты, ды пра большую празрыстасць у дзяржаўных закупах.

«Паводле новага закону, які ўступіць у сілу ў ліпені 2019 года, мы павінныя ўвесці Дзяржаўную інфармацыйна-аналітычную сістэму «ГИАС», якая забяспечвае ўвесь жыццёвы цыкл дзяржаўнай закупкі ад яе планавання і да заключэння кантракту ў электронным фармаце», – каментуе міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч.

Але і замежныя партнёры, і айчынны бізнес надалей заклікаюць беларускія ўлады да большага: стварэння прыязнага бізнес-клімату, дзе чыноўнікі не богі, якія вырашаюць лёсы прадпрымальнікаў, а працаўнікі сферы дзяржпаслугаў. Эрык Ліўні, прэзідэнт «Tbilinomics policy advisors» (Грузія):

«Калі ўлада размаўляе з бізнесам, бізнес мусіць спакойна і ўзважана выказаць тое, што яму неабходна. Улада мусіць стварыць такія каналы зваротнай сувязі, дзе б людзі не баяліся, а наадварот, заахвочваліся крытыкаваць і прапаноўваць іншыя шляхі рашэння».

Патрэба дэкрыміналізаваць эканамічныя злачынствы, падобна, дайшла да Савету міністраў. Зашмат прадпрымальнікаў сядзіць па ізалятарах і турмах Беларусі, пакуль іх бізнес стаіць паралізаваны. Напярэдадні першы віцэ-прэм’ер заявіў аб магчымасці адмены ўказа №488 «аб барацьбе з ілжэпрадпрымальніцтвам».

«Мне падаецца, нашае грамадства падышло да думкі, што эканамічныя метады прымусу да выканання законаў могуць аказацца не менш, але і больш дзейнымі, чым сілавыя», – тлумачыць Аляксандр Турчын, першы віцэ-прэмʼер Савету Міністраў.

Але канчатковае рашэнне, паводле Турчына, застаецца за кіраўніком дзяржавы.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu