Вынікі Дня Волі-2019: Два канцэрты, менскія затрыманні і прамова Змітра Дашкевіча


Каму Дзень Волі, а Зміцер Дашкевіч сваймі прамовамі ўсцяж наводзіць жах на міліцыянтаў.

«Не чакала такога спачатку, але, па шчырасці, як пачула яго прамову, то верагоднасць затрымання вырасла ў разы», – кажа Наста Дашкевіч, жонка Змітра.

А таму і вядомыя блогеры, арганізатары асноўнай імпрэзы ў Горадні, замест выніковай прэс-канферэнцыі правялі дзень ля суда ў Менску. Антон Матолька, гарадскі актывіст:

«Усё, што адбылося ўчора, – гэта свавольства, самае сапраўднае».

Хоць суботнія гарадзенскія вынікі надавалі нямала аптымізму. Больш за 5 тысяч удзельнікаў, топавыя музычныя выканаўцы і самае галоўнае – прыязная і святочная атмасфера паміж беларусамі з розных палітычных барыкадаў. Эдуард Пальчыс, аргкамітэт «БНР-101»:

«У Горадні мы, з аднаго боку, працавалі, каб так не было. І атмасфера была добрай, і людзі спакойна хадзілі ў цэнтры, і нават у іх бок не глядзелі. З іншага боку, хочуць паказаць, што ў Менску – іншыя правілы. Але ўсё роўна трэба разумець, што трэба мякка і стаяць на сваім, спрабаваць праз легальнае».

Поспех Горадні ўчора амаль паўтарылі беларусы ў Менску ў Кіеўскім скверы. Амаль, бо не такі тэхнічны і арганізацыйны размах. Але арганізатары акцыі падавалі заяўку на тысячу ўдзельнікаў, у выніку сабралася – прынамсі ўтрая болей. А затрыманне Дашкевіча толькі ўзмацніла актуальнасць і розгалас ягонай прамовы.

«25 Сакавіка яднае ўсіх прыхільнікаў пераменаў, нягледзячы на нашыя тактычныя разыходжанні ў меркаваннях. Гэтая свята і для «шунявак», і для «іхтамнету», і для прапагандыстаў. Бо каб не 25 сакавіка, то дзе б яны зладзейнічалі?» – кажа Зміцер Дашкевіч, апазіцыйны лідар.

У апазіцыі ўжо заявілі, што затрыманне – гэта правакацыя, каб аслабіць уплыў палітычна актыўнай часткі грамадства перад парламенцкай і прэзідэнцкай кампаніямі, якія адбудуцца цягам бліжэйшага года.

«Была рызыка наагул пакінуць жыхароў сталіцы без легальнага святкавання. І мы ўзялі на сябе адказнасць і цягам некалькіх дзён зарганізавалі», – каментуе Юрась Губарэвіч, Рух «За Свабоду».

І святкаванне – у працэсе. У стужках беларусы дзеляцца фота з нацыянальнаю сімволікай, а з 9-й вечара маюць быць здымкі з феерверкамі. Рознафарматныя акцыі адбыліся сёння ў Берасці ды Гомлі. Уладзімір Кацора, лідар гомельскай апазіцыі, кажа:

«Вострыкаў, таму што гэты чалавек змагаўся за незалежнасць, не шкадуючы жыцця і здароўя».

Хоць камусьці ў гэты святочны дзень можа быць сумна без таты. Але тата і праз краты Акрэсціна можа пачуць святочныя феерверкі. А значыць, Беларусь жыве, і галоўны вынік свята, як і прамовы Змітра, будзе дасягнуты.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / Forum