Вынік экспертызы парэшткаў Віктара Каліноўскага ў Беларусі ведалі яшчэ 1 кастрычніка?


Стала вядома пра вынікі экспертызы з месца магчымага захавання парэшткаў Віктара Каліноўскага. Спадзяванні не спраўдзіліся: парэшткі, эксгумаваныя ў Свіслачы, не належаць брату лідара паўстання. Паводле прафесара Рымантаса Янкаўскаса, інфармацыя аб парэштках была гатовая яшчэ 1 кастрычніка, але перадалі яе літоўцам толькі 18 лістапада.

«Натуральна, гэта вырашэнне не навукоўцаў, а па ўсёй бачнасці палітыкаў. Як можна давяраць краіне, якая такім чынам ставіцца? Яны што, нябожчыкаў баяцца?», – кажа ён.

Уласна, галоўны беларускі палітык на перапахаванне Кастуся Каліноўскага не збіраецца. Тады як ад Літвы і Польшчы ўва ўрачыстасцях возьмуць удзел прэзідэнты. Менск жа вырашыў выслаць віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнку.

Палітолаг Сяргей Нікалюк кажа, што гэты крок ураду – праяўленне дваістасці беларускай палітыкі:

«Непасрэдна галава краіны на падобныя мерапрыемствы паехаць не можа. Для яго і візіт у Аўстрыю стаў агромністай падзеяй. А на такое больш дробнае мерапрыемства па вялікім рахунку і не трэба было чакаць», – сцвярджае эксперт.

А што беларусы думаюць наконт адмовы кіраўніка краіны наведаць перапахаванне Каліноўскага?

«Прэзідэнт падчас нарады сказаў, што Каліноўскі – сумнеўная фігура. І мне падаецца, што гэта пазіцыя дзяржавы. Трэба прыніжаць статус гэтай фігуры для нашай краіны. Таму адправілі не прэзідэнта ці прэм’ера, а намесніка яго толькі».

«А чаму Лукашэнка не едзе? Звар’яцець можна… У арабскія эміраты едзе, так? У мяне словаў няма».

«Я бы не мерала павагу да нашай рэспублікі статусам прадстаўніцтва. Не ў гэтым галоўнае. Галоўнае, як мы ўсе да гэтага ставімся».

«Я лічу, што статус мусіць быць павышэй. Але вы разумееце, Каліноўскі фігура неадназначная».

Тэлеканал «Белсат» будзе пільна сачыць за перапахаваннем Каліноўскага. Выдаўца адмысловага выдання Сяргей Падсасонны абяцае не толькі грунтоўнае асвятленне падзеяў, але і процьму дадатковых цікавостак:

«Гэта будуць найлепшыя гісторыкі, найлепшыя адмыслоўцы, а таксама нашыя карэспандэнты будуць працаваць у катэдры, дзе будзе адбывацца імша, пад катэдрай, дзе збяруцца беларусы, а таксама пойдуць працэсіяй на могілкі Росы і адтуль чакаем рэпартажаў» – кажа Сяргей Падсасонны.

Перапахаванне Каліноўскага адбудзецца ў гэтую пятніцу, 22 лістапада. «Белсат» ужо з 10 раніцы будзе весці наўпроставую трансляцыю з Вільні. Паглядзець гістарычную падзею можна будзе як у тэлевізары, гэтак і на сайце тэлеканалу.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu