Вынаходнік Фрэнкі Сапата не здолеў скарыць Ла-Манш на сваёй рэактыўнай дошцы


Француз Фрэнкі Сапата спрабаваў скарыць Ла-Манш на сваёй рэактыўнай дошцы з нагоды 110-годдзя першага пералёту чалавека праз праліў. Не здолеўшы падзарадзіцца, на палове шляху спартсмен аднак паваліўся ў ваду. Не пацярпеў.

Старт на дошцы, якую зрабіў сам, і 36 кіламетраў над вадою да пераадолення… Але праз 8 км паваліўся ў ваду.

«Я расчараваны. Вядома, што я вярнуся да гэтай справы і зраблю гэта, але не ведаю калі», – кажа французскі вынаходнік Фрэнкі Сапата.

Бак для гаручага флайборду знаходзіцца ў заплечніку, які важыць 37 кілаграмаў. Каб пераадолець праліў ад французскага Сангату да ўзбярэжжа Брытаніі, лётчык мусіў дазаправіцца…

«Ён збіраўся прызямліцца і дазаправіцца на паўдарогі, але на жаль, упаў, не трапіўшы на карабель з заправачнаю платформаю», – тлумачыць Гі Алеман, маёр, Сангат.

Спробу пераляцець праз Ла-Манш Фрэнкі Сапата прымеркаваў 110-годдзю першага скарэння праліву паветраным шляхам, якое зрабіў Луіс Блерыё на самалёце ўласнай канструкцыі.

«Калі б Луіс Блерыё не перасек Ла-Манш, магчыма, сёння не было б самалётаў», – распавядае вынаходнік Фрэнкі Сапата.

Гэтак цяпер французская дзяржава аналізуе, якім чынам выкарыстаць вынаходніцтва Фрэнкі. Усур’ёз пытанне паўстала 14 ліпеня, пасля дэманстрацыйнага палёту на Дзень узяцця Бастыліі.

Паветраны салдат стварыў моцнае ўражанне! Калі бачыш такое, спрабуеш уявіць, што адчувае чалавек, які расцінае паветра на хуткасці да 140 км/г.

«Гэта абсалютнае варʼяцтва. І… гэта боль. Усё пячэ, як быццам вы гарыце. Гэта абумоўлена фізікаю. Калі людзі глядзяць, як я лячу, ім здаецца – гэта лёгка. Але я выкарыстоўваю свае сілы, я мушу шмат трэнавацца, каб навучыцца нейтралізаваць боль, а захаваць задавальненне і крыху страху. Бо гэта тое, што трымае цябе ў жыцці», – кажа французскі вынаходнік Фрэнкі Сапата.

Перад спробаю ўзяць Ла-Манш спартовец казаў, што свае шанцы ацэньвае на 30 %. Патэнцыял ягонага апарату на гэткае падарожжа быў разлічаны ўпрытык.

Юлія Цяльпук, belsat.eu