Вылучэнне на прэзідэнцтва скончылася крымінальнай справай


Чэргі, каб паставіць подпіс за кандыдата на прэзідэнцтва. Гэтак выглядалі пікеты Сяргея Ціханоўскага па ўсёй Беларусі. Сустрэча ў Горадні нечакана скончылася сутыкненнем з міліцыяй, якую відавочцы назвалі правакацыяй.

Яшчэ за некалькі гадзінаў да таго, як адбылася сутычка, яе ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў дэталёва апісаў Аляксандр Лукашэнка. Інцыдэнт стаўся падставаю, каб завесці крымінальныя справы на шэраг асобаў з атачэння Сяргея Ціханоўскага, блогераў ды яго самога. Ужо падчас утрымання Ціханоўскага ў СІЗА яму выставілі яшчэ адно абвінавачанне паводле крымінальнага артыкулу – нібыта за нявыплату падаткаў. Пасля трэцяга ператрусу следчыя знайшлі 900 тысяч долараў на лецішчы Ціханоўскіх. Датычнасць да грошай сям’я адмаўляе.

«Улады мелі на ўвазе паўтарэнне сцэнару 2010 года. Калі ліберальная кампанія стварала завышаныя чаканні ў плане вынікаў выбараў, і наступныя рэпрэсіі былі вельмі моцным кантрастам і для грамадства, і для міжнароднай супольнасці. І таму яны вырашылі дзеяць, так бы мовіць, на апярэджванне», – тлумачыць сузаснавальнік forstrategy.org Юрый Царык.

Праз заведзеную крымінальную справу з выбарчай гонкі выбыў і іншы канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі – былы банкір Віктар Бабарыка. Пад ягоным кіраваннем у «Белгазпрамбанку» працавалі злачынныя схемы, а ў замежныя афшоры выводзілі сотні мільёнаў долараў – гэтак, нягледзячы на незавершанае следства, сцвярджалі дзяржаўныя медыі. Агулам у справе затрымалі больш за 20 чалавек.

«Няма доказаў. Я не бачу нават тое, што яны на БТ паказвалі. Мы ўжо такія справы бачылі і ў 2010 годзе, і ў 2006 годзе такія фільмы з нейкімі доказамі. На самой справе, калі да суда даходзіла, яны нічога не знаходзілі і нічога не бачылі. Я думаю, што ўсё гэта выкрыецца пры першым жа дні судовага расследавання, як і ўсе іншыя палітычныя справы», – лічыць былы следчы Алег Волчак.

Сёлетняя выбарчая кампанія не абышлася і без гісторыяў пра замежных баевікоў, якія меліся захапіць уладу. Пры канцы ліпеня дзяржаўныя тэлеканалы паказалі затрыманне пад Менскам трыццаці трох байцоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Аляксандр Лукашэнка назваў сітуацыю гібрыднай вайной з боку Расеі.

«Гэтыя сюжэты пра баевікоў служылі громаадводам для таго, каб улады маглі сабе дазволіць не крытыкаваць наўпрост Расею за ўмяшанне ва ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі, бо ў 2006 годзе Расея стаяла за Казуліным, у 2010 годзе – за Абʼяднанай дэмакратычнай апазіцыяй, а ў гэтым годзе выйшла наадварот», – Лічыць Юрый Царык.

Паводле версіі Следчага камітэту, у Беларусі байцы могуць быць звязаныя з Мікалаем Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім. У звязку з Ціханоўскім пад арышт адправілі і вядомага паліттэхнолага Віталя Шклярава. Яму выставілі абвінавачванне ў крымінальнай справе аб арганізацыі і падрыхтоўцы беспарадкаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»