Выклікала міліцыю, а яе арыштавалі ды збілі


«Мой зварот да вас вымушаны, таму што я ў адчаі, што аніводная структура, да якой я звярталася пасля гэтай падзеі, не знайшла парушэнняў з боку працаўнікоў праваахоўных органаў».

Вольга і ўявіць не магла, што выклік міліцыі абернецца для яе гвалтам. Яна хацела толькі абароны ад суседзяў, якія нападпітку прыйшлі «па-мужчынску» разабрацца з ёй і ейным мужам.

«Не тое, што гэта быў канфлікт, як усюды пішуць, гэта было нашае збіццё. Яны выцягнулі нас з нашага дому і на нашым ганку пачалі збіваць. На што я была вымушаная выклікаць супрацоўнікаў унутраных справаў», – распавядае пацярпелая жанчына.

На выклік прыехалі два працаўнікі

Яны адразу ж накіраваліся да п’яных суседзяў, не зважаючы на тое, што Вольга і яе муж былі ў парванай вопратцы са слядамі крыві. Вярнуліся сяржант і прапаршчык да пацярпелых толькі праз 20 хвілінаў.

«На тое, што я яму сказала, як вы працуеце? Які прафесіяналізм? Чаму вы ходзіце па суседзяў, а не апытаеце нас? Ну, карацей, ён апрануў на мяне кайданкі», – узгадвае Вольга.

Тое, як на заўвагу жанчыны адрэагаваў сяржант, бачыла і суседка, што выйшла ў двор вынесці смецце.

«Яны раззлаваліся, падышлі да нас, завярнулі рукі, надзелі кайданкі, і павялі да машыны. Вось гэта я ўсё бачыла сваймі вачыма», – сведчыць Любоў Бараноўская.

Вольгу завялі ў мікрааўтобус, дзе пачалі выкручваць заведзеныя за спіну рукі ў кайданках, абражаць ды пагражаць падсадзіць ейнага сына на наркотыкі.

«Калі ён паставіў мяне на калені, паміж сядзеннямі, дзверы не закрываліся, і ён пачаў біць мяне дзвярыма, і ўсё ўдары прыходзіліся на локаць левай рукі», – апісвае перажытае спадарыня Гальчанка.

Вольгу прывезлі ў апорны пункт, дзе склалі адразу некалькі пратаколаў

Наступным пунктам маршруту стаў выцвярэзнік. Змясціць туды жанчыну не атрымалася: алкаголю ў крыві не знайшлі. Затое выявілі павышаны ціск – 230 на 100. Каб усё ж пакараць Вольгу, яе адвезлі ў абласны шпіталь. Там ейны стан здароўя прызналі задавальняючым для змяшчэння ў ізалятар часовага ўтрымання. Раніцай жанчыну асудзілі за парушэнне грамадскага парадку, супраціў міліцыі ды абразу.

«Суды не могуць зразумець, што грамадзяне ідуць у суд за абаронай парушаных правоў, і не атрымліваюць гэтую абарону. Гэта не можа працягвацца бясконца. Калі-небудзь набярэцца крытычная маса, якая можа гору звярнуць», – папярэджвае праваабаронца Павел Левінаў.

Пра бязмежжа сілавікоў нашаму тэлеканалу часта паведамляюць грамадзяне

Пра перавышэнне паўнамоцтваў працаўнікоў міліцыі сведчаць і жыхары Берасця.

«Трапляюць такія людзі, якія невінаватыя, а трапляюць пад іх, як гвалт, груба кажучы. Ім нічога, ім усё сходзіць з рук, разумееце? Мяне білі, майго брата білі, бо ім не спадабалася, як ён ішоў па вуліцы».

«Гэта часцяком здараецца, дарэчы, я нядаўна бачыў, што затрымалі аднаго чалавека, збівалі яго, проста ў цывільным былі яны»,

– зазначылі апытаныя намі берасцейцы.

Дамагчыся пакарання для крыўдзіцеляў у форме жыхарка Віцебску Вольга Гальчанка не можа ўжо дзявяты месяц. Не дапамаглі звароты ані ў Следчы камітэт, ані ў пракуратуру. У большасці такіх выпадкаў Міністэрства ўнутраных справаў не карае сваіх падначаленых. Апраўданнем для ўжывання сілы робіцца нібыта непадпарадкаванне, а падставаю для затрымання можа стаць, напрыклад, – адсутнасць флікера.

Юлія Лабанава, «Белсат»