Выходзіш на акцыі пратэсту – плаці!

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва пакараў штрафамі адразу дзвюх прадстаўніц творчых прафесіяў: працаўніцу музею Алену Барысаву і загадчыцу літаратурнай часткі тэатру Вольгу Семчанку.

Загадчыцу літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага драматычнага тэатру Вольгу Семчанку ў чарговы раз судзілі за ўдзел у маршах пратэсту. Раней дзяўчыну за аналагічнае правапарушэнне пакаралі 7 соднямі арышту. Сённяшняя пастанова суддзі Наталлі Крашкінай – штраф 270 рублёў. Сума для бюджэтніка вялікая – кажа Вольга.

«Я свой удзел ні пацвердзіла, ні абвергла. Маю на гэта права, таму што гэта сведчанне супраць сябе. Буду абскарджваць. Таму што, з аднаго боку, 10 базавых за два маршы – гэта мякка, а з другога боку, гэтага проста не павінна быць. Гэта няправільна. Гэта супярэчыць Канстытуцыі. А сам гэты закон аб масавых мерапрыемствах – ён таксама шмат у чым супярэчыць Канстытуцыі», – сцвярджае Вольга Семчанка.

І гэта не адзіны працэс, якія адбыўся сёння ў Кастрычніцкім судзе Магілёва. Былую галоўную рэдактарку Магілёўскага тэлебачання «2 канал», а цяпер працаўніцу Музею гісторыі Магілёва Алену Барысаву гэтаксама за ўдзел у мірных акцыях пратэсту аштрафавалі на 540 рублёў. Справу разглядала суддзя Вольга Зарынчук. Сваю віну Алена прызнала. Прэтэнзіяў да суда яна не мае, але мае пытанні.

«Чаму дасюль лічыцца сімволіка апазіцыйнай, чаму «Жыве Беларусь» – гэта апазіцыйны заклік – для мяне гэта дасюль незразумела, і чаму мірныя шэсці лічацца несанкцыянаванымі і апазіцыйнымі. З гэтым я абсалютна не згодная», – гаворыць Алена Барысава.

На думку праваабаронцы Магілёўскага аддзялення ПЦ «Вясна» Алеся Райкана ўсе прысуды, што выносяць дэманстрантам, вядомыя яшчэ да працэсу. Самі ж суды – выключна рэпрэсіўны механізм.

«Адзін тыдзень мы назіраем, што даюць штрафы ад 15 да 20. У іншы – ад 10 да 15. Гэта як індэкс на біржы ідзе. Ад чаго гэта залежыць – я не магу сабе ўявіць. Адзінае, чаго мы чакалі, – чым бліжэй будзе да народнага ўльтыматуму, тым больш жорсткімі будуць гэтыя штрафы, але цяпер мы такога не назіраем», – кажа Алесь Райкан.

Паводле праваабаронцаў, толькі ў Магілёве з дня выбараў прэзідэнта пратаколы за ўдзел у мірных акцыях пратэсту склалі амаль на тысячу асобаў.

Анастасія Русецкая belsat.eu

Глядзі таксама