Аб'ектыў 16.10.2019 Выглядаць як Джэніфэр Эністан. Эксперты даюць парады


Галівудская акторка Джэніфэр Эністан, вядомая з такіх фільмаў, як «Сябры», «Брус усёмагутны», «Мы – Мілеры», урэшце завяла Інстаграм. І ў першы ж дзень – больш за 8 мільёнаў падпісантаў. 50-гадовая зорка агітуе за здаровы лад жыцця ды прасоўвае сваю адмысловую дыету. На шостым дзясятку жыцця гэтак выглядаць хацела б шмат жанчын, але на менскіх вуліцах, акрамя захаплення, ставала і скепсісу.

«У нашых дзяўчат, якія працуюць, у якіх сем’і, напэўна, не хапае часу. А можа і магчымасцяў. А можа і жадання».

«Не тое, што цяпер кажуць, што перш за ўсё – гэта ты, любімая. Сама для сябе. Нас так не вучылі. Мы заўжды думалі перш за ўсё, што на працы трэба зрабіць, што ўдома, што для дзяцей».

«Нашым няма калі, яны працуюць! Калі будуць гуляць, як яна, тады і будуць так выглядаць».

«Мабыць, мужчыны дрэнныя, што дрэнна глядзяць за імі», – дзеляцца жыхары Менску.

Выглядаць гэтак натуральна дапамагае вялізарны маёнтак зоркі: толькі за серыял «Сябры» акторка дагэтуль атрымлівае каля 20 мільёнаў долараў за год. Але так, добрае пачуванне і выгляд моцна залежаць ад чалавека поруч. Ксенія Вяцкая, фуд-коўч:

«Для жанчыны важнае таксама пытанне мужчыны побач з ёй. Зараз правялі даследаванне псіхалагічнае і ўбачылі, што ў беларускіх мужчынаў, у 90 %, пакутуе воля. І таму ў пары волю прыходзіцца браць на сябе жанчыне. Згадзіцеся, якая жанчына прыгожая, калі яна ўзваліла на сябе ўсё: заробкі, дзяцей, быт, камунікацыю з соцыумам?»

На меркаванне трэнеркі фізпадрыхтоўкі НФК «Крумкачы» Юліі Скшынецкай, дзеля таго, каб трымацца ў добрай форме, трэба клапаціцца пра сваё здароўе з маладосці. А пасля 35 раяць штогод праходзіць прафесійны агляд ды здаваць аналіз на вітаміны. Юлія Скшынецкая, трэнерка фізпадрыхтоўкі НФК «Крумкачы»:

«У першую чаргу пачаць са здароўя. І, вядома, заняцца спортам, як ні круці. Але тут таксама ёсць падводныя камяні. Знайсці свайго трэнера, які не проста з бухты-барахты будзе даваць вам практыкаванні, якія калісь вывучыў, а падыдзе з дыягностыкай, паглядзіць, дзе ў вас зацісканні, у якім месцы, як гэта распрацоўваць, каб прыступіць да сілавых трэнінгаў».

Не менш важнае харчаванне. Гэтак, паводле фуд-коўча Ксеніі Вяцкай, беларусам даступная ежа, якая можа дапамагчы захаваць выдатны выгляд:

«Па-першае, гэта касцяныя булёны, якія складаюцца з калагенаў. Калаген, які мы будзем спажываць унутр, а не мазаць на сябе. Ён будзе падмацоўваць нашую скуру, і яна будзе заўжды зіхцець. Па-другое, гэта субпрадукты. Цяпер мы выкідаем тое, што нашыя продкі елі пастаянна. І трэці прадукт – гэта горычы: зеляніна, зёлкі, дзікія травы».

Самае папулярнае апраўданне нездаровага ладу жыцця – адсутнасць часу і грошай. Аднак цяпер сезонная садавіна і гародніна каштуе нядорага, асабліва калі набываць на аптовым рынку. А спортам займацца можна і не набываючы абанементу ў спартовую залу. Юлія Скшынецкая, трэнерка фізпадрыхтоўкі НФК «Крумкачы»:

«Уключаць Youtube і шмат ролікаў паглядзець пра заняткі ўдома. Уключаць фул-бадзі-трэнінг: рукі, ногі, прэс. Нават па 15 хвілінаў, калі хочацца адцягнуць увагу, калі глядзіце тэлебачанне ці калі дзіцёнак спіць. Прымушаць сябе. Усё-такі мы вельмі шмат лянуемся».

Лянуемся кінуць паліць: амаль кожны трэці беларус паліць. Мужчынаў-курцоў у нас у чатыры разы болей, чым жанчын. А амаль дзве траціны беларусаў пакутуюць на лішнюю вагу.

Рэцэпт добрага самапачування і свежага выгляду не такі і складаны нават ва ўмовах нашай краіны. Штопраўда, ён патрабуе часу і пэўнай дысцыпліны. На шчасце, надвор’е акурат спрыяе, і я літаральна пабягу змагацца з наступствамі адпачынку і летняй ляноты, каб таксама захоўваць форму і выглядаць не горай за якога Брэда Піта.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары