Выдаткі краіны на змаганне з алкагалізацыяй – большыя за абаронны бюджэт


2 % ВУП штогод выдаткоўваюць улады Беларусі на змаганне з наступствамі алкагалізацыі насельніцтва. Гэтая сума – больш за 1,5 мільярды долараў, удвая перавышае абаронны бюджэт нашай краіны.

Вольга Кавалькова, сустаршыня БХД, тлумачыць:

«Рэальна абмежаваць продаж алкаголю паводле часу. Не прадаваць алкаголь у агульных аддзелах крамаў, дзе прадаецца сок і вада, вынесці яго з гэтых аддзелаў. І таксама зрабіць працу цэнтраў, якія аказваюць дапамогу сем’ям, залежным ад алкаголю, бясплатнымі. І аказваць ім дапамогу з бюджэту, каб тыя кампаніі, што вырабляюць алкаголь, удзельнічалі ў фінансаванні такіх арганізацыяў».

Паводле Міністэрства аховы здароўя, каля траціны пацыентаў у цяжкім стане трапляюць у шпіталі менавіта з прычыны злоўжывання алкаголем. А ў Мінэканомікі падлічылі, што летась прыбытак айчыннага бюджэту ад продажу спіртных напояў ледзь не ўдвая меншы, чым выдаткі на барацьбу з наступствамі алкагалізацыі.

П’ём шмат: 11 літраў чыстага спірту на год у пераліку на кожнага беларуса. Тая ж Сусветная арганізацыя здароўя лічыць, што восем літраў на чалавека – мяжа, за якою пачынаюцца дэмаграфічныя наступствы для краіны. Дык яшчэ што пʼе сярэднестатыстычны беларус? Збольшага моцны алкаголь – кажа статыстыка.

Пакуль ніякіх абмежаванняў не плануецца. Наадварот! Летась Аляксандр Лукашэнка асабіста адмяніў абмежаванне на продаж алкаголю ўначы. А рэстарацыі ўжо даўно абавязаныя прапаноўваць недарагую гарэлку айчыннай вытворчасці. Вольга Кавалькова, сустаршыня БХД:

«Гэта страты для тых алігархаў, для тых вытворчасцяў, якія сёння гэты алкаголь прадаюць. І дзяржава не гатовая адмовіцца ад вялікага продажу алкаголю, тым больш, што дзяржаве не патрэбныя людзі, якія думаюць. Чым больш чалавек ужывае, тым менш ён думае. Гарэлку п’юць таму, што яна танная ў параўнанні з якасным віном».

На меркаванне сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай, важны і сацыяльны чыннік – каб людзі маглі бавіць час з сям’ёй у аквапарках, тэатрах або на стадыёнах даступна. Цяпер жа, напрыклад, у Менску бутэлька гарэлкі можа каштаваць танней за квіток у кінатэатр.

Леанід Заіка, аналітычны цэнтр «Стратэгія»:

«Калі ён жыве ў доме пяціпавярховым, дзе нічога няма, апроч бетоннай каробкі, ён і будзе піць з суму, з дуры ды іншага. Таму самы лепшы спосаб – рабіць людзей гаспадарамі зямлі, рабіць іх уласнікамі сваіх дамоў, рабіць іхную працу творчай, каб яны думалі пра сям’ю і сваю будучыню, а не пра тую бутэльку, якая іх чакае ў краме».

Самыя беларусы таксама бачаць захады барацьбы з алкагалізацыяй краіны комплекснымі. Жыхары Менску мяркуюць:

«Трэба грошай даць людзям, каб у іх была магчымасць займацца тым, што ім цікава. І тады ім не трэба будзе хавацца за алкаголь».

«Скараціць продаж, падвысіць кошты. Мо гэта паўплывае?»

«У Савецкім Саюзе што было – забаранялі, але нічога добрага з гэтага не атрымалася, народ усё роўна гнаў сам і піў».

«Весці здаровы лад жыцця, напэўна. А ў нас гэта даволі цяжка – заробкі малыя, трэнажоркі дарагія».

Атрымліваецца нейкае замкнёнае кола – без вялікага поспеху выдаткоўваем вялізныя грошы на барацьбу з нарастальнай алкагалізацыяй краіны, бо ў той жа момант клапоцімся пра паступленні ў бюджэт ад продажу алкаголю.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu