«Выбух узнік пасля падзення самалёта». Тэракт? Галоўнае пра авіякатастрофу ў Падмаскоўі


Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Расеі спыніла ратавальную аперацыю на месцы падзення самалёта «Саратаўскіх авіялініяў». Лятак разбіўся ў нядзелю ў ваколіцах Масквы. Ацалелых у авіякатастрофе няма. Пошукі целаў працягнуцца яшчэ 7 дзён. Што прывяло да катастрофы?

Дзень жалобы па ахвярах авіякатастрофы абвясцілі ў панядзелак у Арэнбурскай вобласці Расеі. Жыхары Орску нясуць у аэрапорт і да мемарыялу ў цэнтры гораду кветкі, каб ушанаваць памяць загінулых.

На борце Ан-148 былі 6 чальцоў экіпажу і 65 пасажыраў – грамадзяне Расеі, Азербайджану і Швейцарыі. Усе яны загінулі.

«На вялікі жаль, усе, хто знаходзіўся на борце самалёта, загінулі. Міністэрства аховы здароўя выказвае глыбокія спачуванні ўсім родным ахвяраў. У дадзены момант у Орску з роднымі працуюць лекары і псіхолагі, якія прыбылі з Арэнбургу […] Праводзяцца працы па падрыхтоўцы экспертызы і ідэнтыфікацыі пасажыраў», – сказаў намеснік міністра аховы здароўя Сяргей Краявой.

Самалёт Ан-148, які здзяйсняў рэйс маршрутам Масква – Орск, разбіўся ў нядзелю ўдзень непадалёк ад вёскі Сцяпанаўскае Раменскага раёну Падмаскоўя. Борт знік з экранаў радараў усяго праз 5 хвілінаў пасля ўзлёту.

Камеры відэаназірання зафіксавалі момант удару самалёта аб зямлю. У якасці асноўных версіяў катастрофы расейскія следчыя разглядаюць чалавечы фактар і тэхнічныя няспраўнасці, якія прывялі да разбурэння рухавіка.

«Следчыя правераць усе магчымыя версіі авіякатастрофы, у тым ліку ўмовы надвор’я, чалавечы фактар, тэхнічны стан самалёта і іншыя магчымыя варыянты развіцця падзеяў», – кажа Святлана Пятрэнка са Следчага камітэту Расеі.

Адразу пасля катастрофы медыі паведамілі, што абломкі самалёта раскіданыя на вялікай тэрыторыі, таму магчыма, разбурэнне пачалося яшчэ ў паветры. Версіі тэракту следчыя не адкінулі, але лічаць найменш верагоднай.

Экспрэс-тэст ня выявіў выбуховых рэчываў на абломках. Самалёт упаў цэлы – заявіў у панядзелак Следчы камітэт Расеі.

«Высветлена, што ў момант падзення самалёт быў цэлым, без узгарання. Выбух узнік пасля падзення самалёта», – паведаміла прадстаўніца Следчага камітэту.

Не пацвердзілася версія сутыкнення пасажырскага лайнера з верталётам «Пошты Расеі», як і падазрэнні ў дрэннай якасці паліва. Затое ў СМІ гучаць прэтэнзіі да тэхнічнага абслугоўвання самалёта.

Заяўляецца, што алей у рэдуктарах мяняўся занадта рэдка. Таксама паведамляецца, што перад вылетам камандзір борта адмовіўся апрацоўваць корпус вадкасцю супраць абледзянення.

Аднак калегі загінулых лётчыкаў ня вераць у версіі пра тэхнічныя няспраўнасці ды чалавечы фактар. Пра гэта заявіў журналістам радыё «Свабода» пілот «Саратаўскіх авіялініяў», які пажадаў застацца ананімным.

«Гэта тэракт, на маю думку. І гэта не толькі мая версія, але і шматлікіх пілотаў нашай авіякампаніі, з якімі я пагаварыў. Ні ад памылкі пілатавання, ні ад неапрацоўвання вадкасцю (калі так і было) самалёт бы не разваліўся ў паветры, а яго абломкі не раскідала б у радыусе аднаго кіламетра», – заявіў пілот.

Вялікая плошча разлёту абломкаў пры малой вышыні палёту сведчыць, што самалёт пачаў разбурацца яшчэ ў паветры – з версіяй расейскіх пілотаў згодны ветэран беларускіх ваенна-паветраных сілаў.

«Тое, што разбурэнне самалёта пачалася ў паветры – гэта адназначны факт. Тэракт гэта ці нейкая недарэчнасць, або сутыкненне з іншым лятальным апаратам – гэта сказаць пакуль цяжка. Але фактам ёсць тое, што самалёт разбурыўся ў паветры», – кажа ваенны лётчык Леанід Спаткай.

Авіялайнер Ан-148, які разбіўся пад Масквою, лятаў усяго 7 гадоў. «Саратаўскія авіялініі» прыпынілі эксплуатацыю гэтага тыпу самалётаў.

Ан-148 – гэта супольны расейска-ўкраінскі праект, летакІ выпускаліся на Вароне(с)кім авіязаводзе. З пачаткам расейска-ўкраінскага канфлікту іх вытворчасць у Расеі спынілі.

Аляксандр Папко, «Белсат»