Выбітнаму Язэпу Драздовічу - 130 гадоў


Містычны, сімвалічны і беларускі. Мастак, творчасць якога пры жыцці шмат для каго заставалася незразумелаю. А сёння – адзін з найвыбітнейшых беларусаў. Спаўняецца сто трыццаць гадоў з дня народзінаў Язэпа Драздовіча. Ён быў таксама археолагам, пісьменнікам, этнографам, фалькларыстам. На ягонай магіле ў Ляплянах на Глыбоччыне – удзячныя нашчадкі ды вядомыя беларусы.

Маляваў, пісаў, тварыў. Спадчына Язэпа Драздовіча правераная часам.

«Гэта найярчэйшая постаць беларускай нацыянальнай мастацкай школы, прадстаўнік беларускага нацыянальнага культурнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя», – кажа Іна Сарокіна, кандыдат гістарычных навук.

Жывапісец, графік, скульптар, асветнік, астраном, і нават першы беларускі фантаст. Вечны вандроўнік, які знайшоў свой дом у мастацтве, ён пісаў:

«Толькі між агнём і марозам усё жывець, усё расцець, усё цвіцець, развіваецца, красуецца».

Роўна месяц таму віцебскія ўлады прызналі магілу Язэпа Драздовіча гістарычна-культурнай каштоўнасцю. Але па-ранейшаму патрэбнае аднаўленне сядзібы Драздовіча. Сёння ў Ляплянах непадалёк Пунькоў, дзе нарадзіўся выбітны беларус, кветкі, успаміны і словы гонару.

«Гэтая персона – веліч, нейкая такая адзіная суполка і, можна сказаць, глыба для нашае Беларусі», – распавяла Марына Ліпская, выкладчыца шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў.

«Язэп Драздовіч – гэта чалавек свой, які маляваў для тых жа самых сваіх людзей. І ў мяне таксама быў бы шанец быць адным з тых сваіх, для якіх ён быў свой. А прастора часу нас не раздзяляе, бо вечныя мы. Душы вечныя», – лічыць Марыя Новікава, паэтка і бард.

І вечнае мастацтва. А быў момант, калі Драздовіч хацеў спыніцца – пасля таго, як пры перасылцы ў «Нашу Ніву» ягоныя працы згубіліся.

«Гэта падрывае ўсе мае надзеі на будучае маё штукарства. Я буду змушаны ўсё закінуць і не маляваць болей», – пісаў мастак.

На шчасце, працы знайшліся. А працаўнік «Нашай Нівы», пісьменнік Змітрок Бядуля напіша:

«Гэта чалавек з вялікім малярскім талентам, з багатай фантазіяй у сваёй творчасці».

А яшчэ ён значна апярэджваў свой час. Ягоная творчасць мадэрнісцкая, поўная сімвалічных вобразаў, і адначасова блізкая кожнаму.

«Для мяне гэта як святыня маёй радзімы. Таму што людзі, якія змагаліся за Беларусь сваімі сродкамі – маляваннем, сваімі паводзінамі, – гэта нашыя геніі», – кажа Мар’ян Місевіч, жыхар Падсвілля.

У савецкі час ягоная спадчына ігнаравалася. Але ўсё больш адкрываецца цяпер: імя Драздовіча зʼявілася ў назвах вуліцаў, ёсць помнікі, працы захоўваюцца ў музеях, ладзяцца выставы.

Што праўда, і сёння творчасць выклікАе пытанні: карціну «Пагоня» знялі са сталай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музею і змясцілі ў фонды. Але ж вершнік скача, чакае свайго часу – і некалі вырвецца на волю.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»