Аб'ектыў 26.12.2017 Выбары ў Расеі: чым усё скончыцца?


43 кандыдаты на прэзідэнта. 18 вылучэнцаў ад партыяў, 25 самавылучэнцаў на пасаду прэзідэнта і адсутнасць галоўнага палітычнага апанента Уладзіміра Пуціна, палітыка Аляксея Навальнага. Прамежкавыя вынікі расейскай палітычнай кампаніі № 1.

ЦВК Расеі афіцыйна адмовіў Навальнаму ў рэгістрацыі кандыдатам на прэзідэнта

На думку расейскага Цэнтрвыбаркаму, палітык не мае права балатавацца праз судзімасць у справе «Кировлеса». Пасля адмовы ЦВК Навальны заклікаў сваіх прыхільнікаў байкатаваць сакавіцкія выбары.

«Рашэнне ЦВК аб нядопуску мяне на выбары выключыць мільёны людзей з гэтых выбараў, выключыць мільёны людзей з палітычнай сістэмы, таму што не дасць ім магчымасць наагул ніяк удзельнічаць у выбарах і ваша рашэнне яно менавіта пра гэта», – пракаментаваў справу Аляксей.

Ксенія Сабчак рэгістрацыю атрымала

Яна ідзе ад партыі «Гражданская инициатива», што не мае месцаў у Дзяржаўнай Думе, і таму да 7-га студзеня мусіць сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў на сваё падтрыманне. Сабчак ужо запрапанавала Навальнаму стацца ейнаю даверанаю асобай.

Пуцін нават не прыехаў на паседжанне сваёй ініцыятыўнай групы

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў спаслаўся на шчыльны графік прэзідэнта, ён жа заявіў, што заклікі Навальнага да байкоту «трэба вывучыць на адпаведнасць заканадаўству».

Разам з тым эксперты не бачаць магчымасці для шырокага пратэсту, вынікі прадвызначаныя, адзначае Аляксандр Канфісахар.

«Падняць людзей на пратэст, калі няма падставы і прычыны пратэставаць – вельмі складана», – мяркуе эксперт.

Ад камуністаў на выбары ідзе блогер і бізнесовец Павел Грудзінін. У партыях ЛДПР і «Яблоко» пастанавілі «коней на пераправе не мяняць», ад іх ідуць Уладзімір Жырыноўскі ды Рыгор Яўлінскі. Але, не зважаючы на спіс практычна з паўсотні кандыдатаў на прэзідэнта, у лідара Францыі Эманюэля Макрона, напрыклад, ужо запланаваная сустрэча з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, якая адбудзецца пасля абвешчаных на 18-га сакавіка выбараў.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: openrussia.org

Глядзі таксама
Каментары