Выбары ў Польшчы: інтрыга да апошняй хвіліны


Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы, вынік якіх немагчыма было прадказаць. Цяпер жа, калі вядомыя лічбы галасоў, палова палякаў адчувае перамогу, а другая палова – горыч пройгрышу. Што ж падзяліла Польшчу?

Прэзідэнцкі палац у Варшаве не зменіць гаспадара. Кансерватар Анджэй Дуда ў другім туры выбараў перамог ліберала Рафала Тшаскоўскага з мінімальнаю перавагаю – 51 адсотак супраць 49.

Як мінімум тры гады – да наступных парламенцкіх выбараў – партыя «Закон і справядлівасць» будзе аднаасобна вызначаць палітыку Польшчы. Кансерватарам належыць і фатэль прэзідэнта, і парламенцкая большасць.

«Калі я каго-небудзь абразіў сваймі дзеяннямі або словамі цягам пяці гадоў, не толькі падчас кампаніі, прашу прыняць мае прабачэнні. […] Я хачу цяпер і з гэтага месца ўжо сёння запрасіць у прэзідэнцкі палац спадара Рафала Тшаскоўскага з ягонаю жонкаю», – заявіў пасля аб‘яўлення вынікаў выбараў Анджэй Дуда.

Кампанію апанента Дуды – мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага – правалам аналітыкі не лічаць. Усяго за два месяцы прадстаўніку ліберальнай Грамадзянскай платформы ўдалося згуртаваць апанентаў партыі ўлады.

«Я перакананы, што мы зменім Польшчу. Калі мы прачнуліся, то нас ніхто зноў не пагрузіць у спячку. Мы будзем змагацца ўвесь гэты час і мы пераможам – я ўпэўнены!» – заявіў Тшаскоўскі.

Папулярнасць «Закон і справядлівасць» заваявала дзякуючы шчодрай сацыяльнай дапамозе ды абароне традыцыйных каштоўнасцяў. Апаненты вінавацяць партыю Ярослава Качыньскага ў падпарадкаванні грамадскіх медыяў і судовай сістэмы, а таксама ў пагаршэнні стасункаў з Бруселем.

«Я прагаласаваў за чалавека, чые каштоўнасці супадаюць з маймі. Гэта хрысціянскія каштоўнасці: сям’я і абарона жыцця».

«Я галасавала за свайго прэзідэнта, якога вельмі паважаю. Ён робіць усё для бедных, н(я) толькі для багатых».

«Урад браў удзел у кампаніі на баку прэзідэнта. Так быць не павінна. Сацыяльнымі праграмамі яны купілі сабе галасы», – так каментуюць свой выбар жыхары Варшавы.

Хто атрымае перамогу, не было ясна да раніцы. Галасы лічылі выбарчыя камісіі, якія складаюцца з прадстаўнікоў абодвух кандыдатаў. Яўка была рэкордная – 68 адсоткаў, і дасягнулі яе без вядомага ў нас адміністрацыйнага прымусу.

«Галасаванне, а не выбары – так можна ахарактарызаваць тое, што адбываецца ў такіх краінах, як Беларусь ці Расея. Гэта выключна інструмент утрымання аўтарытарнай улады», – каментуе палітолаг Павел Усаў.

Адкрытасць польскіх выбараў кантрастуе з рэферэндумам, што «абнуліў» прэзідэнцкія тэрміны Уладзіміра Пуціна, або выбарчаю кампаніяй у Беларусі, дзе спіс палітвязняў папоўнілі 22 палітыкі і грамадскія актывісты.

«Магчыма, не ўсе бачаць усе бюлетэні, але звычайна ёсць трое–чацвёра членаў камісіі, якія бачаць адзін і той жа бюлетэнь. Таму няма праблемы, калі нешта ідзе не так. Яны заўсёды пералічваюцца іншымі», – распавядае прадстаўнік фонду «Адказная палітыка» Матэуш Баек.

Наступным разам польскія лібералы ды кансерватары сыдуцца ў паядынку ў 2023-ім годзе – на мясцовых і парламенцкіх выбарах.

Аляксандр Папко belsat.eu