Аб'ектыў 08.09.2019 Выбары ў Палату прадстаўнікоў: апазіцыя пачала ставіць пікеты


Ад сёння і да 7 кастрычніка можна збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў. Сярод прэтэндэнтаў ад правацэнтрысцкае кааліцыі і Віктар Янчурэвіч (Рух «За свабоду!»), які шукае падтрымання ў сталічнай Партызанскай 110-ай акрузе.

Кажуць жыхары сталіцы:

«Стаўлю подпіс толькі таму, што гэта першы чалавек, які асабіста прыйшоў».

«Я думаю, усё будзе добра з такім кандыдатам».

Лябедзька заклікаў падпісаць петыцыю за звальненне Ярмошынай

«Калі мы не ўдзельнічаем у выбарах, то мы робім падарунак тым людзям, якія хочуць захапіць уладу ў краіне, захапілі яе».

Такое самае аргументацыі прытрымліваецца і сам прэтэндэнт. І дадае: хоць выбараў у Беларусі няма, але ўдзельнічаць варта дзеля атрымання палітычнага досведу.

«Нельга стаць чэмпіёнам, не трэніраваўшыся. (…) Маральна я гатовы да перамогі», – кажа Віктар Янчурэвіч.

Палітолаг Павел Усаў мяркуе, што ўдзел апазіцыі ў заведама фальсіфікаваных выбарах дасць перавагу толькі ўладам.

Амаль «папіццот». Ярмошына расказала, колькі заробяць старшыні выбарчых камісіяў

«Па-першае, легітымізацыя ўвогуле працэсу выбарчага ў Беларусі. Па-другое, стварэнне ўвогуле карцінкі адносна таго, што ў Беларусі адбываецца нейкая дэмакратызацыя», – кажа ён.

Прыблізна гэтак сама раней гаварылі і прадстаўнікі «Еўрапейскай Беларусі». Але сёлета актывісты кампаніі вырашылі паўдзельнічаць у працэсе. Сёння ля сталічнага Камароўскага рынку ў 106-ай Коласаўскай акрузе збіраў подпісы блогер Алесь Круткін. Прэтэндэнты кажуць, што галасоў выбарцаў ЦВК як след не палічыць, але час агітацыі варта скарыстаць, каб агучыць свае патрабаванні.

«Гэта змена ўлады, гэта адстаўка Лукашэнкі і яго чыноўнікаў, гэта закрыццё Астравецкай “атамнай бомбы”, гэта забеспячэнне добрага жыцця для нашых суайчыннікаў, гэта ўрэшце патрабаванне правядзення сапраўдных свабодных выбараў», – кажа каардынатар грамадзянскае кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

«Нейкі палкоўнік ФСБ ужо амаль што наступіў на нас, амаль што знішчыў гэтую краіну. І ў гэтай сітуацыі я лічу, што трэба дзейнічаць», – зазначае журналістка Ірына Халіп, якая прэтэндуе на кандыдацтва ў 110-ай Партызанскай акрузе Менску.

Хто ідзе на выбары? Гайд па кандыдатах ад апазіцыі

Палітолаг Павел Усаў мяркуе, што дзеля сапраўднага поспеху апазіцыя мусіць дзеяць не толькі ў часе выбарчых кампаніяў.

«У апазіцыі даволі шмат ёсць рэсурсаў, незалежных медыяў, той жа інтэрнэт, тыя ж сацыяльныя сеткі, якія б маглі данесці думку, альтэрнатыўную пазіцыю для грамадзянаў. Толькі праблема ўся ў тым, што апазіцыя не вядзе ніякай сурʼёзнай актыўнасці па-за межамі выбараў», – кажа ён.

Між тым сёлета прэтэндэнтамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вылучаюцца не толькі праўладныя кандыдаты або апазіцыянеры са стажам, але і людзі, якія набылі папулярнасць дзякуючы нядаўнім грамадскім пратэстам. Гэтак, у Гомельска-Навабеліцкай акрузе нумар 36 плануе вылучацца доктарка Алена Давыдава, якая з паплечнікамі дабілася часовага прыпынення шкоднай вытворчасці на фабрыцы «Гомельшпалеры».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў: доля апазіцыі ў акруговых камісіях склала 2,5 %

«Калі кожны не будзе абыякава ставіцца да гэтых выбараў, а прыйдзе і прымусіць прызнаць яго голас, то нешта зменіцца», – кажа Алена Давыдава.

У існай Палаце прадстаўнікоў ёсць толькі дзве дэпутаткі, якія пазіцыянавалі сябе як апаненткі ўладаў – Ганна Канапацкая і Алена Анісім. Ці гатовыя беларусы аддаць сёлета свае галасы за тых, хто абяцае змены ў краіне і ці вераць, што іх прыход на выбарчыя ўчасткі нешта зменіць?

Навошта беларусам Нацыянальны сход? 6 пытанняў і адказаў пра парламенцкія выбары

Адказваюць жыхары Менску:

«Нічога не зменіцца. Гэта адназначна. У нас ужо 25 гадоў, юбілей, як гэтая ўлада сфармавалася».

«Як бы, гэта не яркая падзея ў нашым жыцці».

«За кагосьці давядзецца галасаваць. Можа, паглядзець на партрэт, як ён выглядае».

«Лукашэнка загасіў усю апазіцыю. І я думаю, толк у Беларусі няхутка будзе. Я нават у свае гады падумваю адсюль зʼехаць. Вось і ўсё».

Сёлета кандыдатам дадуць магчымасць выступіць і на дзяржаўным радыё і тэлебачанні… Ажно пяць хвілінаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары