Выбары пройдуць без камераў і назіральнікаў

ЦВК адхіліла прапанову ініцыятывы «Сумленныя людзі» інсталяваць сродкі відэаназірання за кошт беларусаў, якія звернуцца з адмысловай заявай. Чым яшчэ будзе адметныя сёлетняя выбарчая кампанія – Кірыл Смяглікаў.

Цэнтрвыбаркам не будзе ўсталёўваць сродкаў відэаназірання на ўчастках. Галоўная прычына адмовы – «незразумеласць парадку практычнай рэалізацыі». Таксама ў ЦВК звярнулі ўвагу на тое, што Выбарчы кодэкс краіны не дазваляе прыцягваць тэхнічныя сродкі ад грамадзянаў для правядзення выбараў.

«Абсталяванне ўсіх участкаў для галасавання відэакамерамі з прамой кругласутачнай трансляцыяй патрабуе, як і ўвядзенне любых іншых выбарчых працэдураў з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогіяў, не толькі прававых, але і інфраструктурных перадумоваў, а таксама папярэдняй ацэнкі іх коштаў, эфектыўнасці і адпаведнасці патрабаванням інфармацыйнай бяспекі», – пдказ ЦВК

Аднак паводле прадстаўнікоў ініцыятывы «Сумленныя людзі» ўсе тэхнічныя і прававыя аспекты былі дакладна прапрацаваныя. Паводле ж праваабаронцаў, адмова ў відэаназіранні – хутчэй на карысць абмежавання празрыстасці.

«Калі б камеры былі ўстаноўленыя адпаведным чынам з ракурсам і фокусам, то яны б значна палепшылі празрыстасць працэдуры галасавання і падліку галасоў. І гэта вельмі важна ў сённяшніх умовах вельмі высокага недаверу да дзеянняў дзяржавы і выбарчых камісіяў», – кажа праваабаронца Алег Гулак.

Не будзе не толькі відэаназірання. З прычыны складанай эпідэміялагічнай сітуацыі Лідзія Ярмошынай рэкамендавала зменшыць колькасць назіральнікаў. У асноўны дзень галасавання іх будзе максімальна 5, а ў датэрміновы перыяд – толькі трое.

«Гэтыя эпідэміялагічныя аспекты яны выкарыстоўваюцца кожны раз па-рознаму, як гэта карысна і як гэта зручна арганізатарам працэсу, хто мае магчымасць з гэтага карыстацца. То гэта падстава для забароны, то гэта не замінае зборам людзей», – дадае праваабаронца Алег Гулак.

Датэрміновае ж галасаванне стартуе ўжо 4-га жніўня. А ці скарыстаюцца сваім правам галасаваць загадзя жыхары Бабруйску?

«Не, не хачу».

«Каб не падрабілі галасы, каб было ўсё афіцыйна, лічу лепш дзевятага».

«Пойдзем галасаваць датэрмінова, бо нам падабаецца прэзідэнт».

«Не хачу датэрмінова, не хачу, каб былі падробленыя подпісы, пайду менавіта у той дзень і пасля абеду».

У сеціве ж на старонцы change.org працягваецца збор подпісаў пад петыцыяй, якая заклікае правесці ў нашай краіне празрыстыя выбары. Падпісалася ўжо 12,5 тысячаў чалавек. Калі патрабаванне празрыстасці не будзе выкананае, падпісанты абяцаюць рэалізаваць сваё права галасавання незалежна ад «аўтарскіх трактовак» Выбарчага кодэксу.

Кірыл Смяглікаў, Белсат

Глядзі таксама