Выбары новага лідара прайшлі ў кіроўнай партыі Нямеччыны

Часам дасведчаныя палітыкі сыходзяць з кіроўных пасадаў добраахвотна, не чапляюцца пальцамі за крэсла, а перадаюць справы таму, каго насамрэч выбрала большасць.

Сёння кіроўная партыя Нямеччыны ХДС абрала новага лідара, які, падобна, узначаліць нямецкі ўрад пасля выбараў увосень. Ангела Мэркель адмовілася ад пасады канцлера пасля 15 гадоў кіравання дзяржавай.

У Нямеччыне цяпер узмоцненыя захады супраць каронавіруса. А гэта не толькі абавязак насіць маскі ў публічных месцах, але і дыстанцыйнасць усяго, што можна.

Таму двухдзённы з’езд Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу ўпершыню ў гісторыі адбыўся ў рэжыме відэаканферэнцыі. Адкрыла яго канцлер Ангела Мэркель, якая ўжо 2 гады як сышла ў адстаўку з пасады лідара партыі.

«Асабіста для мяне гэты зʼезд партыі вельмі асаблівы. Гэта 14-ты і, падобна, апошні зʼезд, дзе я ўдзельнічаю як канцлер. Я згадваю 2005-ты год, калі я ўзначаліла нямецкі ўрад. Свет з таго часу моцна змяніўся, тады не было смартфонаў, «Нокія» была лідарам сярод мабільнікаў, а сацыяльныя сеткі былі чымсьці новым і невядомым», – прамаўляла Мэркель.

Падчас зʼезду адразу пасля прэмʼер-міністра Аўстрыі з вітальным словам ад імя Беларусі выступіла онлайн Святлана Ціханоўская, якую ў Еўразвязе лічаць адзіным абраным лідарам беларускага народу. Яна падзякавала за падтрымку свабоднай Беларусі і нагадала, што нашыя грамадзяне паўгода мірна змагаюцца за тое, што немцы маюць сёння.

«Якім бы ні быў вынік вашага зʼезду, хто б ні быў абраны старшынём партыі, я ўпэўненая, што гэты чалавек будзе прыхільны падтрымцы свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Я прашу вас памятаць, што тысячы беларусаў змагаюцца за тыя каштоўнасці, якія ўвасабляе зʼезд вашай партыі», – звярнулася да хрысціянскіх дэмакратаў Нямеччыны Святлана Ціханоўская.

У выніку сёння з трох асноўных кандыдатаў чальцы Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу абралі новага лідара партыі. Гэта Армін Ляшэт, прэмʼер-міністр Паўночнага Рэйну – Вэстфаліі – самага густанаселенага рэгіёну Нямеччыны. Напрыканцы верасня ён пойдзе на выбары канцлера як кіраўнік партыі.

«Рэпутацыю канцлера сярод людзей тут і за мяжою можна акрэсліць адным словам: давер. Цяпер нам трэба давер як партыі, а гэты давер – не падарунак і не спадчына. Гэта не тое, што можна перадаць. Давер трэба зарабіць», – заявіў новы старшыня ХДС.

Выбары онлайн не прадугледжаныя законам аб нямецкіх партыях. Таму фармальна працэдура абрання новага старшыні завершыцца пасля падліку галасоў, дасланых поштай.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама