Выбары-2020: рэтраспектыва


Хацела зрабіць падарунак Аляксандру Лукашэнку на дзень народзінаў, аднак канчатковы выбар прыпаў на 9 жніўня. Напярэдадні Дня Перамогі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абвесціла дату прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Трапіць у бюлетэні для галасавання пажадалі ажно 55 патэнцыйных кандыдатаў. Сярод іх прарасейскія актывісты, прадстаўнікі правацэнтрысцкай апазіцыі, былы старшыня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, стваральнік Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала, блогер Сяргей Ціханоўскі і каманда Мікалая Статкевіча, якая выступала за байкот выбараў. Апошнім, апрача гамельчука Уладзіміра Няпомняшчых, ЦВК масава адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў.

«Лукашэнка баіцца толькі пратэсту. І таму дапускае ў свой выбарчы балаган толькі тых, хто гатовы там гуляць свядома ці несвядома ролю клоўнаў», – лічыць палітык Мікола Статкевіч.

Адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы і аўтару каналу «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму, які на той момант адбываў адміністратыўны арышт. Затое абсалютнай нечаканасцю стала жаданне ісці на выбары ягонай жонкі Святланы. У выніку да наступнага этапу выбарчае кампаніі каманда Лідзіі Ярмошынай дапусціла 15 ініцыятыўных групаў, якія мусілі назбіраць за свайго кандыдата 100 тысяч подпісаў кожны. Кіраўнік краіны з гэтай мэтай выкарыстаў адміністратыўны рэсурс.

Аднак у выніку рэпрэсіі зазналі тыя, хто збіраў подпісы не за Лукашэнку, а акурат за прыхільнікаў пераменаў. Супраць былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі ды блогера Сяргея Ціханоўскага, які ачоліў ініцыятыўную групу сваёй жонкі, разгарнулі крымінальны пераслед.

Па ўсёй краіне людзі паўставалі ў чэргі ды ланцугі салідарнасці, а АМАП хапаў не толькі самых людзей і чальцоў ініцыятыўных групаў, але і забіраў у іх падпісныя лісты.

«Людзі раней не звярталі ўвагі на гэта. Многія праблемы, якія для праваабаронцаў былі звыклымі, яны не краналі грамадства. А цяпер грамадства гэта ўсё пабачыла, гэта ўсё ў фокусе», – тлумачыць старшыня БХК Алег Гулак.

З рэгістрацыяй кандыдатаў у прэзідэнты ўлады цягнулі да апошняга магчымага дня. 14-га ліпеня – ЦВК зарэгістравала 5 прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду ў краіне: былую дэпутатку парламенту Ганну Канапацкую, бізнесоўца Сяргея Чэрачня, сустаршыню «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева, дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку і Святлану Ціханоўскую.

«Сярожа, я цябе вельмі моцна кахаю. Я гэта раблю толькі дзеля цябе, і дзеля людзей, якія дзеля цябе пайшлі, якія ў цябе паверылі. І дзеля ўсіх, хто да нас далучыцца, да нашага руху», – тлумачыла сваё рашэнне балатавацца Святлана Ціханоўская.

Нерэгістрацыя двух самых яркіх канкурэнтаў Лукашэнкі – Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы – аб’яднала іхныя штабы з камандай «Страны для жизни».

«Святлана – маці, у яе двое дзяцей. І мы ўсім хочам паказаць, што Канстытуцыя ў гэтай краіне напісаная для жанчын. Менавіта таму мы абʼядналіся, менавіта таму мы салідарныя са Святланай як з маці, жанчынай», кажа прадстаўніца штаба Валерыя Цапкалы Вераніка Цапкала.

Падчас агітацыйных сустрэчаў з выбарнікамі Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала і Святлана Ціханоўская збіралі дзясяткі тысяч прыхільнікаў па ўсёй краіне. Якім кандыдатка ў прэзідэнты абяцала ў выніку сваёй перамогі не толькі вызваліць усіх палітычна зняволеных і вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года, але і гарантаваць выкананне аднаго з асноўных правоў – права абраць новага прэзідэнта. Гэтым разам без удзелу Аляксандра Лукашэнкі.

Віталь Бабін, Аляксандр Яшчанка, «Белсат»