Выбары 2020: працяг ціску і пагрозы

Прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская асабіста здае подпісы ў выбарчыя камісіі, бо бальшыня каардынатараў ініцыятыўнай групы за кратамі. На парозе будынку адміністрацыі Савецкага раёну Гомля жанчыне патэлефанавалі.

«Мне не тое што пагражалі, мяне папярэдзілі, што, магчыма, мне не варта больш ездзіць: гэта можа мець наступствы для мяне і маіх дзяцей. Якога кшталту наступствы, не сказалі», – распавяла патэнцыйная кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская.

Ціханоўская сцвярджае, што сабрала неабходныя для рэгістрацыі кандыдаткаю сто тысяч подпісаў. Аднак пасля тэлефонных пагрозаў засумнявалася ў працягу кампаніі.

«Калі я зразумею, што пагрозы былі не без падставаў, або калі гэта яшчэ раз паўторыцца, то, натуральна, мой выбар – дзеці. Ніякая барацьба, нічога не можа перашкаджаць таму, каб я выбрала дзяцей», – кажа патэнцыйная кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская.

Але праз некалькі гадзінаў яна заявіла, што не будзе спыняць кампаніі, прынамсі да этапу здачы подпісаў у камісіі. Дапамагчы ёй і абараніць заклікалі сябры ініцыятыўнай групы.

«Псіхалагічна на яе цяпер проста ціснуць, бо людзей побач няма, проста трэба ездзіць з ёй, у каго ёсць свой транспарт і магчымасць – пад’язджаць да мясцовых аблвыканкамаў, дзе здаюцца подпісы, і з ёй разам ісці», – кажа сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Дзмітрый Важкоў.

Публічна падтрымала Святлану Ціханоўскую жонка іншага вылучэнца ў кандыдаты на прэзідэнцтва – Валера Цапкалы.

«Святлана, як маці, як жанчына я вас падтрымліваю і на вашым баку. Цяпер я звяртаюся да праваахоўных органаў нашае краіны і прашу іх дапамогі ў расследаванні гэтага выпадку. Я веру, што мы жывём у краіне, дзе няма месца страху, дзе няма месца маніпуляцыям, асабліва калі гаворка пра жыццё дзяцей і жанчын», – кажа жонка Валерыя Цапкалы Вераніка Цапкала.

Працягваецца ціск і на сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Толькі ўчора затрымалі прэсавага сакратара выбарчага штабу – Аляксандра Кабанава. Гэта адбылося на выхадзе з паліклінікі. Яго змясцілі ў Ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС. Аляксандр не браў удзелу ў пікетах, бо ў выніку хваробы на COVID-19 доўгі час быў у шпіталі, а пасля – у хатняй ізаляцыі.

«У паліклініку яго заманілі, там, наколькі я зразумеў, быў планавы візіт, але перад гэтым яму настойліва тэлефанавалі і запытвалі, калі ж ён будзе», – кажа паплечнік Аляксандра Кабанава Алег Вялаў.

Агулам жа за збор подпісаў або проста за ўдзел у пікетах для збору подпісаў за патэнцыйных апанентаў Лукашэнкі амаль сотня чалавек атрымалі адміністратыўныя арышты і 105 асобаў – штрафы. Навошта ўлады выкарыстоўваюць тактыку ціску на кандыдатаў праз сябраў іхнай каманды, сваякоў і прыхільнікаў?

«Улады чакаюць якога эфекту? Напужаць людзей, нагнаць страху, будуць баяцца – людзі пачнуць здымацца з выбарчай кампаніі», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Ці зарэгіструюць пры гэтым усіх вылучэнцаў, якія здолеюць сабраць неабходную колькасць подпісаў? Хто мае больш шанцаў? Мы пацікавіліся меркаваннем менчукоў.

«Мне здаецца, што нікога не зарэгіструюць, бо ўлада баіцца, баіцца, што будзе канкурэнцыя. Таму гэта цяпер здараецца, гэтыя краты і ўсё-ўсё».

«Ціханоўскую хутчэй за ўсё не зарэгіструюць. Бо шмат людзей з ініцыятыўнай групы пад арыштам і не могуць здаць подпісы».

«Лукашэнку, Бабарыку, Цапкалу дакладна зарэгіструюць».

Між тым ужо цяпер пра наяўнасць неабходнай для рэгістрацыі сотні тысяч подпісаў апроч Святланы Ціханоўскай заявілі Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала, Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая ды Аляксандр Лукашэнка. На гэтым этапе выбарчай кампаніі застаюцца трынаццаць вылучэнцаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама