Выбары-2018: аграгарадок паўстаў супраць уладаў


Працягваем сачыць за разгортваннем выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. Ані кандыдатка ад апазіцыі, ані праўладная фігура – на мясцовыя выбары жыхары аграгарадку Каплічы на Гомельшчыне прасоўваюць хіба што сапраўды народную абранніцу. Ужо цяпер прэтэндэнтка на дэпутатства ў мясцовы сельсавет заваявала давер, адстойваючы інтарэсы жыхароў на самых розных узроўнях.

Супраць прызначэнцаў і за асобу, якой баляць мясцовыя праблемы. Жыхары аграгарадка Каплічы, што ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, задоўга да выбараў ведалі, каго яны хочуць бачыць дэпутатам свайго сельсавету.

Асаблівы давер у мясцовых Роза Стрэльчанка заваявала, змагаючыся за мясцовую школу. Увосень «Белсат» распавядаў аб праблеме каплічанаў. Навучальную ўстанову закрылі праз аварыйны стан будынку. Чыноўнікі на патрабаванні вяскоўцаў адказваюць пагрозамі пакласці незадаволеных у вар’ятню.

Прасцей зачыніць, чым аднаўляць школу

Будынак, паводле жыхароў, за 60 гадоў працы не зазнаў капітальнага рамонту. Хіба так разважаюць мясцовыя чыноўнікі, не даючы грошай на аднаўленне ўстановы. 72 ж дзіцяці з Каплічаў сёлета ездзяць у суседнюю вёску.

«Вось у нас маладая сямʼя. Мы плануем дзяцей. Каб за 18-20 кіламетраў вазіць дзіцёнка? Калі яшчэ светлы час, яшчэ нармальна. А калі зіма, цёмна, гэта ж дзеці… Мы ідзем раніцай на працу, а яны з ліхтарыкамі па снезе ідуць», – скардзіцца жыхарка Каплічаў Святлана Цацарына.

Развязаць праблему не дапамагла і паездка ў Адміністрацыю прэзідэнта

Ані мясцовае, ані раённае кіраўніцтва не ідзе на дыялог, тлумачыць самая прэтэндэнтка на дэпутацтва.

«Прыехалі ў нашыя Каплічы пяць чыноўнікаў. На тэрыторыі сельскага савету размовы ў нас не атрымалася. І людзям стала вельмі крыўдна. Як сказаў намеснік нашага Піліпца Івана Іванавіча, старшыні Калінкавіцкага выканаўчага камітэту, што ты, Роза Віктараўна, ніхто, і зваць цябе ніяк. Таму людзі задумаліся – як жа зрабіць так, каб не было крыўдна мне і людзям, што я ніхто, і зваць мяне ніяк», – узгадвае прэтэндэнтка на дэпутацтва Роза Стрэльчанка.

Прыдумалі прасунуць на выбарах «сваю» кандыдатку

Папярэднік Грыб Уладзімір Уладзіміравіч не надта ўнікаў у праблемы сваіх выбарнікаў.

За Розу Стрэльчанку мясцовыя за адзін дзень сабралі неабходную для выстаўлення кандыдатуры колькасць подпісаў.

Засталося дачакацца і прагаласаваць. Выбары дэпутатаў мясцовых саветаў запланаваныя на 18-галютага наступнага года.

Лола Бурыева, «Белсат»