Выбарчы фарс-2018: Каруселі, прыпіскі і падман


Атмасфера на датэрміновым галасаванні перасягнула нават найгоршыя чаканні і спадзевы.

Цэнтрвыбаркам агучыў вынікі чатырох дзён выбарчага фарсу. Атрымалася больш за 27 %. І не дзіва, калі на дасягненне выніку кінутыя ўсе сродкі. Камісіі трэнуюцца, каб быць у форме на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах.

Выбарчы атракцыён круціцца аж цёмна ў вачах. Камісіі малююць лічбы тых, хто ўжо прагаласаваў. Ад участку да ўчастку ездзяць карусельшчыкі. А Цэнтрвыбаркам хваліцца: больш за 27 % выбарнікаў аддалі свой голас за чатыры дні.

«Я зафіксаваў карусельшчыкаў. Таксама гэта дзякуючы нашым назіральнікам, таму што яны бачаць, што прыходзяць адныя і тыя ж людзі. На выбарчых участках ім не дазваляюць здымаць, і ў іх няма доказаў, што гэта людзі, ну, крыху іншы шалік надзела жанчына і прыйшла паўторна галасаваць», – кажа кандыдат на дэпутацтва Аляксей Сігаеў.

І хаця ў кожнага свядомага беларуса ўжо няма сумневу, што выбары замяніліся ў цырк, некаторыя камісіі перакрочваюць усе ўяўныя межы прыпісак – як у сталічнай гімназіі N 34.

«Заўважылі групу людзей, якіх прывезлі на мікрааўтобусе. Пасля нашага запыту па сацсетках, які ўкінулі, паведамілі, што гэта людзі з «Белтэлекаму». І прозвішчы некаторых людзей узгадалі. Пазаўчора на ўчастку N 33 прыпісалі дзесяць чалавек, а ўчора ўжо замест 87 напісалі 203», – дзеліцца назіральніца за выбарамі Антаніна Кавалёва.

Яшчэ больш пастараліся чальцы камісіі ў Бараўлянах. Там усе законы матэматыкі праігнараваныя. Гэтак, 13 лютага замест 15 рэальных выбарнікаў у пратаколе з’явіліся ажно 231.

«З дня на дзень анамальная яўка зноў жа паўтаралася. Пры гэтым, адзін дзень, калі ў нас было суцэльнае назіранне, яўка была ў разы меншая», – адзначае кандыдатка на дэпутацтва Вольга Беляўцова.

На камісію склалі скаргу, напісалі заяву ў міліцыю. Пакуль вынікаў няма. А далей – толькі цікавей. У іншай школе адная з настаўніц выдала таямніцу: адмысловая адзнака ад адміністрацыі ў пашпарце дазваляе галасаваць на розных участках, пра што быў загад-просьба зверху. Актывіст грамадскага руху «Дзея» Дзяніс Краўчук праверыў механізм каруселі. Паставіў гэтакую адзнаку ў свой пашпарт – і атрымаў бюлетэні ў розных участках. Схема спрацавала.

«Раней я думаў, што фальсіфікацыямі займаюцца толькі старшыні камісіяў, іх намеснікі ці сакратары, што яны ведаюць пра ўсе фальсіфікацыі. А насамрэч атрымліваецца, што ў курсе нават шараговыя сябры гэтае камісіі», – кажа Дзяніс Краўчук.

Асноўны дзень галасавання – заўтра. Усяго ў спісах каля 7 мільёнаў выбарнікаў. Але камісіі працуюць гэтак ударна, што значная частка ўжо ці нібы прагаласавала. Толькі чальцы камісіяў не ўлічваюць, што за гэтакую ўдарную працу пагражае крымінальная адказнасць.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu