«Вясна» ужо мае 450 сведчанняў збітых людзей. Працягваем распавядаць гісторыі затрыманых


Мікіту Быстрыка, супрацоўніка TUT.BY, затрымалі 10 жніўня ў Менску каля стэлы. Пабачыўшы відэа мірных пратэстаў на ягоным тэлефоне, мужчыну і ягоных сяброў забралі ў аўтазак.

«Яны лупілі і казалі: «Рукі за галаву, рукі за галаву». Я папросту на самазахаванні не мог рукі за галаву прыбраць, бо я разумеў, што мне сюды зараз пачне прылятаць. Пакуль мне прылятала не па корпусе, а па руках. Я ўжо разумеў, што ці мяне інвалідам зробяць, ці мне ўсё ж такі трэба падпарадкавацца. Я прыбраў рукі за галаву. Як я і думаў, пачаліся ўдары берцамі па левым корпусе», – успамінае Мікіта Быстрык.

Далей актавая зала РАУСу, камера і збіццё па дарозе ў жодзінскі СІЗА. Адзінаццатага жніўня Мікіта трапіў у шпіталь. Вынік катаванняў – зламанае рабро, траўмаваныя ныркі і тры швы на галаве.

«Акрамя таго, што фізічна ў цябе такое пачуццё, што забіваюць, але і маральна цябе намагаюцца прынізіць і зламаць. То бок: «Ты не чалавек». Пастаянныя абзыванні, маты. Ты ніхто для іх. Ты папросту кавалак мяса, які яны адбіваюць», – падзяліўся Мікіта Быстрык.

У нядзелю з Акрэсціна вызвалілі грамадзяніна Расеі Міхаіла Дарожкіна. АМАП затрымаў праграміста 9-га жніўня каля чыгункі ў Менску праз тое, што той быў у вайсковых ботах.

«Асабіста да мяне не дайшоў ніводны ўдар ані рукой, ані дубінкай. Я лічу, што мне пашчасціла. Палова людзей ува ўсіх камерах, што я быў, былі збітыя», – распавядае Міхаіл Дарожкін.

Прозвішча Міхаіла запісалі няправільна, таму, калі амбасада рабіла запыты, паводле афіцыйных звестак мужчыны ў ЦІПе не было. Два тыдні Міхаіл быў у спісе зніклых.

«Нас там было 33. На вуліцы было даволі цёпла, і гэта была такая парылка. Сцены былі цалкам мокрыя, усе сядзелі пацелі, не было ані туалетнай паперы, ані мыла, не было нічога, толькі вада з-пад крана. Гарачай вады не было», – успамінае Міхаіл Дарожкін.

Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся да парламенту з прапановаю стварыць камісію для даследавання катаванняў грамадзян. Праваабарончы цэнтр «Вясна» мае прыблізна 450 сведчанняў людзей, якіх прыніжалі і катавалі сілавікі.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»