Вяскоўцы скідваюцца па пяць рублёў, каб да іх прыехала камунальная служба


Жыхары вёскі Мярэцкія, што на Віцебшчыне, вынайшлі некалькі рэцэптаў як дагрукацца да камунальнікаў.

Пасля таго, як прыбраць зямлю са сцежкі, па якой дзеці ходзяць у школу, аказалася для камунальнікаў непад’ёмным заданнем, вяскоўцы самі сабралі грошы – па пяць рублёў з сям’і. Працу ўзяліся выканаць глыбоцкія камунальнікі. Але – не скончылі.

«Пракапалі канаву, з аднаго боку, з другога. Нагрузілі проста на пешаходную сцежку, якая заасфальтаваная. Хаця можна было адразу пагрузіць на машыну, і не трэба было б гэтай валтузні», – кажа жыхар вёскі Часлаў Вайтэцкі.

Рэпартаж з Мярэцкіх глядзіце ў поўным выданні навінаў за 13 кастрычніка

Спадар Часлаў не аднойчы звяртаўся да кіраўніцтва жыллёвай гаспадаркі раёну з просьбаю прыбраць зямлю. Але там ягоныя звароты былі ігнараваныя. А тым часам пайшлі дажджы ды сцежка ператварылася ў сапраўдную паласу перашкодаў.

«Вось што робіцца, тут жа не прайсці. І вось стаіць так. Раскапалі, раскапалі ўсё, так і стаіць», – дадае жыхар Мярэцкіх Сяргей Бельскі.

Некаторыя з жыхароў нават былі гатовыя зноў збіраць грошы, каб толькі скончыць гэтыя працы:

«Грошай няма, а што яны зробяць? Трэба з людзей сабраць, так будзе лепш. Мы не супраць – мая сям’я».

Праўда, збіраць грошы другі раз не давялося. Пасля таго як жыхар вёскі Мярэцкія Часлаў Вайтэцкі звярнуўся да журналістаў і запісаўся на прыём да кіраўніка раёну, тэрыторыю вакол сцежкі добраўпарадкавалі.

«Па просьбе галоўнага інжынера ЖКГ Сяргея Кашміры я на прыём не пайшоў да старшыні райвыканкаму, паабяцалі ўсё зрабіць. Праўда, арганізавалі работу, навязлі жвіру», – працягвае Часлаў Вайтэцкі.

Жвір прывезлі, ды не разраўнялі. Жыхары вёскі ўсё зрабілі самыя. Але і на гэтым праблемы не скончыліся. Апрача жвіру, вяскоўцы прасілі зрабіць парэнчы на мастку праз канаву.

«Тут не толькі дзеці, тут дарослыя могуць. Ноччу святла няма, можна ўпасці. Ну, абяцаюць, а як хутка гэта будзе, аднаму богу вядома», – кажа мясцовая жыхарка.

Віктар Карман, старшыня Удзелаўскага сельсавету, да якога адносіцца вёска, яшчэ два тыдні таму паабяцаў, што парэнчы будуць зробленыя.

«Літаральна на гэтым тыдні абяцалі паставіць электрагенератар ці бензагенератар, стойкі прыварыць, парэнчы, каб хто не дай бог не ўпаў», – кажа Віктар Карман «Белсату» праз тэлефон.

Праўда, калі канкрэтна наступіць гэты тыдзень, старшыня не патлумачыў. Жыхарам застаецца спадзявацца, што гэта адбудзецца хутка, і ім больш не давядзецца звяртацца з гэтым пытаннем да раённых уладаў.

Зміцер Лупач, Леанід Юрык belsat.eu