Аб'ектыў 12.01.2019 Вяскоўцы, праз мізэрныя заробкі ў калгасах на мяжы галечы


(матэрыял глядзіце на 5.06 хвіліне)

Прыватныя прадпрымальнікі ды грамадскія актывісты Слоніму ладзяць дабрачынныя акцыі, скіраваныя на падтрыманне сацыяльна ўразлівых групаў мясцовых жыхароў. Асаблівую патрэбу маюць вяскоўцы і шматдзетныя сем’і, якім актывісты вязуць адзенне і нават звыклыя побытавыя рэчы. У цяжкі матэрыяльны стан вяскоўцы трапляюць праз нізкія заробкі ў мясцовых сельгаспрадпрыемствах.

Мілаванне – адная сярод іншых вёсак на Слонішчыне, куды грамадскія актывісты даязджаюць, каб дапамагаць мясцовым жыхарам.

Філіповічы – звычайная вясковая сям’я, дзе дарослыя працуюць у мясцовай гаспадарцы, а дзеці яшчэ патрабуюць бацькоўскага падтрымання. Але заробкі такой магчымасці не даюць.

«Якая ў нас праца – палявод, рознарабочы. І такі ў нас заробак – 200–250 рублёў. Улетку яшчэ больш, а цяпер – малы зусім заробак. Выходныя – за снежань-студзень заробку зусім не будзе, святы былі. Цяжкавата жыць, таму людзі і просяць”, кажа мясцовая жыхарка Ірына Філіповіч.

Філіповічы жывуць у вясковым доме, у якім дазволена заставацца толькі падчас працы ў мясцовай гаспадарцы ААТ «Сянькоўшчына». Усе выгоды – на дварэ, арэнда – 7 рублёў, і нават рамонт старога дому часовыя жыхары маюць рабіць за ўласныя сродкі. Таму дабрачынная дапамога – як ратунак, ёй прыходзяць скарыстацца і іншыя вяскоўцы.

«У асноўным жанчыны – абутак бяруць, хто спадніцу, хто швэдар. Адная забрала футра, боты ўзяла. Іншая таксама адзення набрала. Нават брат да мяне прыехаў – і той узяў. Першы раз – разабралі ўсё», працягвае Ірына Філіповіч.

Слонімскія актывісты, якія распачалі дабрачынную дапамогу, кажуць, што сёння ўсё часцей у нястачу трапляюць звычайныя поўныя і працоўныя сем’і.

«Людзі сапраўды даведзеныя гэтай уладай да жабрацтва. Сто рублёў, дзвесце пяцьдзясят ці трыста рублёў, як у гэтай сям’і, – заробкі, а дзеці ёсць розныя, у тым ліку хворыя – людзям няма за што і няма як выжываць. Людзям патрэбнае нават тое, што неданошанае іншымі людзьмі», дзеліцца досведам сябра слонімскага прафсаюзу РЭП Міхаіл Сошка.

Сям’я Лябёдкаў з вёскі Жыровіцы таксама шукае дабрачыннай дапамогі, бо заробак гаспадара і «дзіцячыя» выплаты для траіх малых дзяцей і без таго – замалыя, а яшчэ трэба знаходзіць сродкі на дарагое лекаванне цяжка хворага дзіцяці.

«Чаму ў нашай дзяржавы ёсць грошы, каб будаваць палацы ці яшчэ нешта, і чаму не пабудаваць шпіталь вось для такіх дзяцей з ДЦП? Чаму з такімі дзецьмі едуць з Беларусі ў Расею, у Кітай ці яшчэ куды-небудзь, калі б можна было б тут прайсці гэтае лекаванне? Навошта нам ехаць і такія грошы плаціць?», кажа Алена Лябёдка жыхарка вёскі Жыровіцы.

Дабрачынную дапамогу грамадскім актывістам дапамагаюць сабраць слонімскія прадпрымальнікі ды мясцовыя жыхары. Мясуовыя ўлады ж… прынамсі не перашкаджаюць.

«Мясцовыя органы ўлады – не ўсе ў гэтым зацікаўленыя. Працуе Чырвоны Крыж – так, але гэтага не стае. Чырвоны Крыж развозіць па гарадах, раздае праз сельскія саветы. Але, як мне казалі людзі, самі працаўнікі сельскага савету разбіраюць тое, што ім патрэбнае, а што застаецца – тое застаецца людзям – на шапачны разбор. А мы – ад людзей узялі і людзям завезлі», паведамляе сябра грамадзкага аб’яднання “Мінолс” Віктар Марчык.

У вёсцы спраўна працуе толькі людское сарафаннае радыё, кажуць актывісты, – штораз па дапамогу прыходзіць усё больш вяскоўцаў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары