Аб'ектыў 25.06.2018 Вяскоўцы на каленях звярнуліся да Лукашэнкі


Жыхары Улукаўскага сельсавету, які месціцца літаральна ў 10 хвілінах язды ад Гомлю, на каленях звярнуліся да кіраўніка краіны. Кажуць, што прайшлі ўсе інстанцыі ў надзеі развязаць свае праблемы, але ўсе звароты чыноўнікі вяртаюць назад ва Улукаўскі сельскі савет.

Адсутнасць ацяплення, праблемы з пітною вадаю, незаконныя звалкі смецця… Жыхары Улукаўскага сельсавету цвердзяць, што ўсе спробы развязаць мясцовыя праблемы ўпіраюцца ў старшыню Улукаўскага сельсавету Жанну Бізню.

«Мы не можам дамагчыся водаправоду, у нас няма пітной вады. Летась старшыня аблвыканкаму паабяцаў знайсці сродкі, нам чыноўнікі даслалі адказ: магчыма, 2019–2020 гады. Магчыма!» – распавядае жыхарка Улукаўскага сельсавету Валянціна Смаль.

Старшыня сельсавету на тэлефанаванні цягам дня не адказвала. Ейны намеснік Аляксей Кобзараў запэўніў, што ніякіх канфліктаў з мясцовымі жыхарамі ў адміністрацыі няма. Але жыхары сельсавету кажуць адваротнае. Наталля Казлова ў прыватнасці вінаваціць старшыню сельсавету, што тая змяніла прававы статус ейнай нерухомасці і сканфіскавала на карысць свайго знаёмага.

«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, я ўдава, якую зацкавалі, прашу, абараніце нас ад мясцовых уладаў Гомельшчыны, якія нас замардавалі», – кажа Наталля Казлова.

Толькі летась у прыёмнай Адміністрацыі прэзідэнта прынялі амаль 4,5 тысячы беларусаў. Кіраўніца адміністрацыі Наталля Качанава рэгулярна падкрэслівае, што звароты грамадзянаў – на сталым кантролі. А вось жыхары Гомельшчыны цвердзяць, што звароты да той жа Качанавай плёну не прынеслі.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары