Вяскоўцы гарой уступіліся за старшыню сельсавета


А зараз Віцебшчына. У Тумілавіцкім сельсавеце памянялі старшыню. Замест Генадзя Пацэвіча прызначылі Алега Пінчука – былога кіраўніка Докшыцкага раёна. Але ўсяго на два месяцы – кажуць чыноўнікі. Людзі не вераць. Што непакоіць вяскоўцаў?

На чале Тумілавіцкага сельскага савету – новы прызначэнец: Алег Пінчук, былы кіраўнік Докшыцкага раёну. Вяскоўцы з такім рашэннем уладаў не згодныя:

«Мы супраць!»

«90 % не згодны!»

«Каго захацелі, таго назначылі!»

На гучным сходзе дэпутатаў і жыхароў Алега Пінчука прадставіў нядаўна прызначаны старшыня Докшыцкага райвыканкаму Алег Кавалёнак.

«Мітынгаваць недарэчы і няправільна. Нічога не вернеш. Дакументы аформленыя», – кажа старшыня Докшыцкага райвыканкаму Алег Кавалёнак.

«Мы доўга разам працавалі. Паважліва адно да аднаго ставіліся. Шмат што зрабілі, шмат чаго не зрабілі. Трэба многа што зрабіць», – даводзіць старшыня Тумілавіцкага сельсавету Алег Пінчук.

У лютым Алег Пінчук падчас палявання застрэліў бізнесмена з Менску. Цяпер вядзецца следства. Крымінальную справу распачалі паводле часткі 1 артыкулу 144 – прычыненне смерці па неасцярожнасці.

«Вінават ён, не вінават… Але ты забіў чалавека! Паслухаеш па тэлевізары: забіў чалавека па неасцярожнасці – 5 гадоў даюць. А тут назначаюць. Цьфу!», – абураецца мясцовы жыхар.

Чалавека пад следствам пакідаюць на кіроўнай пасадзе – абураюцца жыхары! Закон гэтага не забараняе – кажа прававы інспектар РЭП Юрый Белякоў:

«Лёс гэтага чалавека вызначае следчы – пакінуць на пасадзе, заключыць пад стражу. Значыць следчы палічыў, што чалавек можа працаваць».

Тым часам вяскоўцы подпісамі «за» спрабуюць ратаваць Генадзя Пацэвіча. Людзі ўпэўненыя, што звольнілі іхнага любімага старшыню, каб вызваліць месца Пінчуку, якому не хапае двух месяцаў службовага стажу.

«Многа гадоў я прапрацаваў. Мне не сорамна ў вочы глядзець нікому. Я нікому не нахаміў, нікому не нагрубіў. Рэзкія заўвагі мог рабіць», – распавядае Алег Пінчук.

Паводле вяскоўцаў, усё выглядала інакш:

«Прыехаў Пінчук – усё разваліў. І не толькі адзін калгас, а ўвесь раён пайшоў пад адкос. Яго яшчэ сюды ставяць».

Генадзю Пацэвічу прапанавалі іншую працу ў райвыканкаме. Ён адмовіўся.

«Я кажу: напішу рапарт. Згодны на гэтыя два месяцы, якія Алегу Леанідавічу застаюцца, каб набраць стаж. Я паступіў па-чалавечы», – гаворыць старшыня Тумілавіцкага сельсавету Генадзь Пацэвіч.

Кіраўнік Докшыцкага раёну Алег Кавалёнак абяцае: праз два месяцы Генадзь Пацэвіч вернецца да сваёй працы. Людзі не вераць ды плануюць і надалей змагацца за свайго – ужо былога – старшыню.

Анастасія Русецкая, «Белсат»