Вяртанне ў нармальнасць

У Італіі якая найбольш пацярпела ад каронавірусу распачалася другая хваля змякчэння каранціну, які аказаўся яшчэ і самым доўгім сярод Еўрапейскіх краінаў. Людзі вяртаюцца на вуліцы, вакзалы, метро, а таксама сустракаюцца з самымі блізкімі.

Пяцігадовая Сэсілья ўжо два месяцы не бачыла сваіх дзядулю і бабулю, хаця звычайна яны бавілі час разам амаль кожны дзень.

«Падчас каранціну мы былі ў абсалютнай роспачы. Цяпер я нават не магу сказаць, наколькі я ўсхваляваны… Нават занадта ўсхваляваны. Мы бачылі яе толькі праз відэа цягам двух апошніх месяцаў, але гэта зусім ня тое самае», – кажа дзядуля Дамэніка Ды Маса.

Але пакуль бачыцца са сваякамі можна выключна ў масцы… З пачатку тыдня ў Італіі часткова знялі абмежаванні, што дзеялі ў краіне амаль два месяцы праз пандэмію каронавіруса. Часткова запусцілі вытворчасць і будоўлю, а італьянцам дазволілі пайсці на працу ды выйсці з хаты – наведаць сваякоў ці на звычайны шпацыр. Жыхары Рыма:

«Я вельмі шчаслівы! Першае, што зрабіў падчас перапынку ў працы, – выцягнуў свой ровар: трохі пакатаюся перад тым, як ізноў вярнуцца на працу».

«Сёння першы дзень, калі я выйшаў з дому, гэта першы дзень, калі я прыемна гуляю тут, на Вілля-Баргезэ. Увесь гэты час я цалкам прытрымліваўся правілаў каранціну, спадзяюся, што гэтыя высілкі былі не дарэмныя».

Адчыніліся бары ды рэстараны, але пакуль працуюць яны выключна на вынас.

«Пакуль мы маем толькі асноўныя віды піццы. На ўсё трэба час. Думаю, паступова людзі прызвычаяцца насіць маскі, а ў крамах і рэстаранах будуць захоўваць дыстанцыю», – адзначае працаўніца піцэрыі Анджэліка.

Быць асцярожнымі ў штодзённым жыцці давядзецца яшчэ доўга. Патрабаванне запаўняць сертыфікаты з пацвярджэннем мэты паездкі захоўваецца. У іншыя рэгіёны краіны пакуль ехаць нельга, акрамя працоўнай неабходнасці. У Іспаніі з пачатку тыдня адчыніліся крамы з кветкамі і цырульні. Дазволеная праца фірмаў з памяшканнямі больш за 400 квадратных метраў. Месцаў на стрыжку ў найстарэйшую цырульню ў Мадрыдзе пакуль няма.

«Першыя тры дні цалкам зарэзерваваныя. На паслязаўтра амаль цалкам зарэзервавана, я цяпер нават не прымаю тэлефанаванняў, усё вельмі добра. Мы праўда будзем старацца, каб кліенты выглядалі добра і таксама пачуваліся ў бяспецы», – кажа цырульнік Альфонса Санчыдрыян.

Аднак большасць дробных крамаў усцяж зачыненыя, а насельніцтву рэкамендуюць замаўляць паслугі праз інтэрнэт. Асноўныя паслабленні ў краіне, якая моцна пацярпела ад пандэміі, плануюць з 10 траўня, як і ў Францыі. Тым часам у Нямеччыне адчыніліся цырульні і школы. У Аўстрыі зноў дазволеныя візіты ў дамы састарэлых. Польшча дазволіла працаваць гатэлям. Таксама паслабленні каранціну на гэтым тыдні распачаліся ў Вугоршчыне, Сербіі, Грэцыі ды Партугаліі.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»

Глядзі таксама