Вярхоўны Суд: вінаватыя толькі сяржанты, а Аляксандр Коржыч павесіўся сам


Вінаватыя толькі сяржанты, пры гэтым шараговец Аляксандр Коржыч павесіўся сам. Вярхоўны суд не задаволіў скаргі маці загінулага жаўнера Святланы Коржыч. Жанчына ўсцяж не верыць у версію ў самагубства і настойвае – да гібелі сына датычная значна большая колькасць асобаў.

Вярхоўны Суд не задаволіў скаргу на прысуд, і папярэднія інстанцыі ўсё вызначылі правільна. У справе гібелі Аляксандра Коржыча ўсё застаецца без зменаў. Сяржанты Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч па-ранейшаму асуджаныя на 9, 7 і 6 гадоў пазбаўлення волі, адпаведна, за атрыманне хабару і давядзенне да самагубства жаўнера Аляксандра Коржыча. Маці не згодная ды кажа, што караць трэба таксама і афіцэраў:

«Ротны афіцэр Павел Сукавенка, прапаршчык Артур Вірбал, маёр-псіхолаг Наталля Петраўскова, начальнік медычнае роты Кацярына Чумак. Капітан Чаркоў яшчэ, забыла… Яны непасрэдна адказвалі за дысцыпліну».

Згадвае Святлана Коржыч і былога начальніка вайсковай часткі ў барысаўскіх Печах Канстанціна Чарнецкага. Праваабаронца Алег Волчак мяркуе: і суд, і следства былі неаб’ектыўныя:

«Следства ўпірае, што 60 чалавек сказалі, што ніякага ціску не было, маральных пакутаў не было. Але што маглі жаўнеры сказаць у такіх умовах».

Алега Волчака як былога следчага здзіўляюць і абставіны смерці. Ён падзяляе думку маці жаўнера: самастойна павесіцца з майкаю на галаве і са звязанымі нагамі – нерэальна. Дзеляцца сваймі меркаваннямі і апытаныя намі жыхары Бабруйску:

«Ды ну, павесілі, ды і ўсё. Можа, грошай ім не даў – яны яго павесілі».

«А як ён? Звязаныя ногі, і майка на галаве? Захацеў бы ён павесіцца, ён бы проста павесіўся і ўсё».

«Падтрымліваю маці».

«Кіраўніцтва павіннае адказваць перадусім. Павінныя адказваць тыя, хто не арганізаваў нармальную службу для жаўнераў».

«Хачу падзякаваць гэтай маме Коржыча, што яна гэтую справу не пакінула. Гэта таксама трэба мець сілы змагацца. Мы ёй дзякуем, што нашыя ўнукі будуць служыць спакойна».

Аднак, не зважаючы на розгалас і час, які мінуў з кастрычніка 2017-ага года, калі здарылася трагедыя, высноваў з яе ў войску не зрабілі, кажа Алег Волчак:

«Армія ўсё роўна застаецца закрытай, як мы лічылі, што яна будзе больш адкрытай пасля гэтай справы, але нічога не мяняецца».

Пасля абвяшчэння заключэння Вярхоўным Судом Святлана Коржыч пацвердзіла, што здавацца не збіраецца:

«Я лічу, што Аляксандр Рыгоравіч як галоўнакамандуючы павінен навесці парадак. Гэта ў ягоных жа інтарэсах».

Ужо неўзабаве маці загінулага жаўнера пойдзе на прыём да старшыні Адміністрацыі кіраўніка краіны Наталлі Качанавай.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu