Паўтысячы пацярпелых і вялікія турэмныя тэрміны для махляроў з «Аўтакомпані 7»


Суд Заводскага раёну Менску прысудзіў восем і дзевяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці кіраўніку ды чатыром працаўнікам фірмы «Аўтакомпані 7». Сума стратаў, нанесеных кліентам аўтагаўсу $ 4 млн.

Пяцёра асуджаных і паўтысячы пацярпелых

Сярод абвінавачанняў, якія пачулі падсудныя: махлярства ў асабліва буйным памеры, хабарніцтва, незаконны абарот наркатычных сродкаў. Абвінаваўчы акт прыблізна на тысячу старонак чыталі больш за чатыры гадзіны. Працяглыя тэрміны зняволення – фігурантам гучнай справы пра махлярства.

Вытрымаць такое здолеў далёка не кожны.

Для пацярпелых гэта быў шанец на справядлівасць

«Гэта людская дурасць і сквапнасць. Выбачце за шчырасць».

«Я лічу, што гэта вельмі лагодны вырак. Столькіх людзей яны абакралі, падманулі».

– кажуць пацярпелыя

Паводле следства, злачынную дзейнасць фірма «Аўтакомпані 7» пачала ў 2013-ым годзе, калі з’явіліся фінансавыя праблемы. Каб прыспешыць продаж ужываных аўтаў, арганізацыя пачала іх рэалізоўваць праз перакупнікаў паводле заніжаных коштаў. Атрыманыя грошы ўладальнік фірмы інвеставаў у свой іншы бізнес. Не зважаючы на буйныя запазычанасці, «Аўтакомпані 7» працягваў прымаць усё новыя аўтамабілі. У сваю чаргу людзі, якія прадалі праз аўтагаўс свае машыны, не атрымоўвалі грошай, а транспартавыя сродкі знікалі без следу. Некаторыя знайшліся падчас следства.

«Маю машыну знайшлі ў Менску. У яе ўжо змяніліся два гаспадары чалавек. Чалавек яе купіў, катаецца на ёй. Машына пад яго адказнасцю», – узгадвае пацярпелы Ігар Маршчонак.

Сумы кампенсацыяў задаволяць не ўсіх

Пацярпелым абяцаюць выплаціць кампенсацыю. Аднак ужо сёння вядома, што сумы задаволяць далёка не ўсіх. Цягам двух гадоў судовага працэсу дэвальвацыя ды інфляцыя зрабілі сваё.

«Пасля абвешчання выраку нам вернуць грошы. Але гэта палова той сумы, якую выдаткавалі на машыну», – расчаравана зазначыла пацярпелая Ганна.

Дзіўны прысуд для арганізатара

Вакол гучнага працэсу, паводле назіральнікаў, застаецца шмат іншых пытанняў. Да прыкладу, чаму арганізатар злачыннае схемы і былы кіраўнік «Аўтакомпані 7» Дзмітрый Доўнар апынуўся сярод тых, хто атрымаў самыя лагодныя прысуды? Падчас працэсу гучалі і такія галасы.

«Тут завязаныя супрацоўнікі міліцыі. Дагэтуль на маёмасць Доўнара не наклалі арышт. Кватэра, станцыя тэхнічнага абслугоўвання ($ 500 тыс). Там вельмі сурʼёзная справа. Дагэтуль ён сядзіць і пахмыляецца. Ён мінімум атрымаў, а павінен атрымаць максімум», – зазначыў удзельнік працэсу Аляксандр.

Іншыя мяркуюць, што на лаве падсудных побач з Доўнарам апынуліся ўвогуле выпадковыя людзі. Маўляў, ад адказнасці ўдалося ўцячы перакупнікам, а нават некаторым высокапастаўленым асобам. За тое больш як дзевяць з паловаю гадоў атрымаў бізнесовец Сяргей Рукляцоў, які пазычыў Доўнару буйную суму грошай. Ягоныя блізкія не згодныя з выракам.

«Я думаю, што калі Доўнара закрылі, хутчэй за ўсё каб не аддаваць грошы, ён проста пацягнуў за сабой Сяргея. Мы вельмі нязгодныя з выракам. Гэтак нельга», – мяркуе ўдзельніца працэсу спадарыня Алена.

Асуджаныя маюць права абскардзіць прысуд. А для пацярпелых ён не азначае канчатковага сканчэння справы. Каб вярнуць сваю маёмасць, некаторым яшчэ доўгі час давядзецца даказваць свае правы на аўтамабілі, якімі даўно карыстаюцца іншыя ўладальнікі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»