«Вялікі камень»: спаўняецца вялікая кітайская мара Лукашэнкі?


Падвоіць беларускі экспарт і залучыць дзясяткі мільёнаў долараў інвестыцыяў. Гэткімі абяцаннямі Аляксандр Лукашэнка апраўдваў адзін з найбуйнейшых інвестыцыйных праектаў – Кітайска-беларускі індустрыяльны парк пад Смалявічамі. Які атрымаўся вынік?

Мільярд долараў заяўленых інвестыцыяў, амаль палова з якіх ужо асвоеная. Гэтак адміністрацыя Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі Камень» абвясціла на мінулым тыдні аб выніках сваёй працы.

Заява прагучала падчас Міжнароднага эканамічнага форуму, частка мерапрыемстваў якога прайшла ў «Вялікім Камяні». Падчас форуму рэзідэнтамі тэхнапарку сталі 11 новых кампаніяў. Агульная ж іх колькасць, паводле афіцыйных звестак, перасягнула ўжо паўсотні. За апошні год тэрыторыю запоўнілі новыя адміністрацыйныя і вытворчыя будынкі. Будуецца параўнаўча вялікі завод «Зумліён». Гарадок пачынае абрастаць жылымі дамамі ды кавярнямі.

Міхаіл Грачоў, аналітык TELETRADE.BY:

«Там дастаткова шырокі асартымент падатковых, бюджэтных і мытных прэферэнцый».

Але д’ябал пачынае выяўляцца ў дэталях. Па-першае, як паведамілі нам у адміністрацыі, рэальнай вытворчасцю займаюцца толькі 12 рэзідэнтаў. Але і гэтая лічба выглядае завышанай. Гэтак, офісы і вытворчыя пляцоўкі шэрагу ўдавана актыўных кампаніяў – яўна неабжытыя і пустуюць у разгар працоўнага панядзелка.

Сляды актыўнасці маюць заводы «Маз-Вэйчай» ды «Чэньду-Сінду». Але, як паведамілі нам крыніцы на гэтых прадпрыемствах, яны працуюць выключна пад беларускую дзяржзамову – выпускаюць рухавікі для беларускіх цяжкавікоў і электробусаў.

Эканаміст Леанід Фрыдкін тлумачыць:

«Увогуле тыя ільготы, якія дадзеныя парку прэзідэнцкімі ўказамі, яны разлічаныя, у асноўным, на экспартную вытворчасць».

Што да паўмільярда долараў інвестыцыяў, нібыта асвоеных у «Вялікім Камяні», то пераважная бальшыня гэтых грошай ідзе з беларускага бюджэту і ўкладаецца ў інфраструктуру парку. А гэта больш, чым гадавы рэспубліканскі бюджэт на медычную дапамогу насельніцтву.

Міхаіл Грачоў, аналітык TELETRADE.BY:

«Прайшло больш за 5 гадоў, але няма пакуль таго чаканага выніку, які мог бы быць».

Адзіны прыватны рэзідэнт, што рэальна пабудаваў за свае грошы высокатэхналагічную вытворчасць і чыя лінейка працавала падчас нашага візіту, – беларуская кампанія «АсоМедыка» – вытворца медычных апаратаў і вырабаў. Але іх інвестыцыі ацэньваюцца ўсяго на 2 мільёны долараў.

Адзіны буйны замежны інвестар, што інвестуе дзясяткі мільёнаў долараў, гэта – лагістычная кампанія «Чайна Мерчанц». Але гэтая фірма не займаецца вытворчасцю. Пры гэтым яна карыстаецца льготамі, прызначанымі для высокатэхналагічных інвестараў і мае, за кошт гэтага, цэнавую перавагу перад беларускімі складскімі аператарамі, якія плацяць падаткі.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu