Вялікая Брытанія падтрымае «Белсат». Што далей?


Прафесійная і масіраваная інфармацыйная атака, ініцыяваная Крамлём у апошнія гады, здавалася б, проста шакавала палітычнае поле ЗША і Еўропы і адказ на прапаганду пакуль не знайшлі. Але час пераламаць тэндэнцыю. Сумесны план супраць інфармацыйнай і кібер-войнаў распрацоўваюць Польшча і Вялікая Брытанія, і далёка не апошняе месца ў ім займае «Белсат».

У плане – стварэнне новых праектаў у сферы камунікацыі

Колькі іх будзе і якога характару – падрабязнасцямі бакі на досыць лаканічнай прэсавай канферэнцыі пакуль не падзяліліся.

«Мы абодва глыбока занепакоеныя спробамі Расеі зрабіць з інфармацыі зброю. Крэмль спрабуе падарваць сістэму, якая дзейнічае на міжнародных правілах. Але ў яго нічога не атрымаецца», – зазначыла прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыза Мэй.

Частка з £ 5 млн фунтаў пойдзе на падтрыманне «Белсату»

Ва ўрадзе Вялікай Брытаніі прызнаюць, што наш тэлеканал забяспечвае жыхароў Беларусі абʼектыўнай і непрадузятай інфармацыяй.

«Мы вядома не ўпэўненыя колькі з гэтых сродкаў пойдзе на наш праект, але дакладна нейкая сума пойдзе, таму што наколькі мы ведаем са СМІ і з крыніц у МЗС Вялікай Брытаніі, «Белсат» быў канкрэтна адзначаны, як адзін з атрымальнікаў», – каментуе Аляксей Дзікавіцкі, віцэ-дырэктар «Белсату».

Захад не быў гатовы да інфармацыйных нападаў, арганізаваных Крамлём

Палітычная рэклама ў «Фэйсбуку» падчас выбараў у ЗША, фэйкавыя профілі ў Тўітэры – усё каб паглыбіць разʼяднанасць у амерыканскім грамадстве. Падобная тактыка – і ў выбарах у еўрапейскіх краінах. Агрэсіўная рыторыка скіраваная і на ўнутраны рынак.

«Калі пачалася вайна ва Украіне, у Еўропе шмат гаварылася пра тое, што трэба ствараць нейкія альтэрнатыўныя СМІ, каб процідзейнічаць расейскай прапагандзе. Але пра гэта ўвесь час толькі кажуць, на жаль. Адзіная краіна, якая сурʼёзна падтрымлівае такія рэчы і падтрымлівала раней – гэта Польшча», – тлумачыць спадар Дзікавіцкі.

Нягледзячы на пагрозу закрыцця праекту летась, на будучы год польскі ўрад знайшоў для канала фінансаванне і вылучае zł 20 млн. А брытанскія партнёры прынясуць у наш эфір досвед лепшай сусветнай журналістыкі – у «Студыі Белсат» гледачоў чакаюць наўпроставыя ўключэнні са студыяй «Бі-бі-сі».

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Krystian Maj / Forum