Вялікае Брытанія пакідае Еўразвяз апоўначы з 31 студзеня на 1 лютага


Шанец на лепшае жыццё ці вялікая страта? Апоўначы зменяцца межы ды колькасць грамадзянаў Еўразвязу. Вялікая Брытанія з 1 лютага рэалізуе Brexit. Што зменіцца ў міжнароднай палітыцы? І ці зменіцца нешта ў жыцці паўмільярда жыхароў Еўразвязу?

Апошнія гадзіны Вялікай Брытаніі ў Еўразвязе. 1 лютага Лондан пакіне Аб’яднаную Еўропу. «Наш час прыйшоў» – цешыцца жоўтая прэса, «мы станем малою выспаю» – пагражаюць рэспектабельныя выданні.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Не маюць адзінага меркавання і жыхары Лондану:

«Я думаю, што гэта вельмі сумны дзень, проста катастрофа. Час дакажа, што мы пайшлі няправільным шляхам. Людзі маюць розныя меркаванні, і мы павінны паважаць дэмакратыю. Але, на мой погляд, час дакажа, што мы памыліліся».

«Мне ўсё роўна. Гэта цягнулася так доўга, што я, напэўна, радая, што зараз усё скончыцца».

«Гэта шанец пачаць усё занава. Мы прагаласавалі за Brexit, шмат хто з нас. Нарэшце людзей выслухалі! Рэч не ў тым, што мы ненавідзім Еўропу. Але чаму намі мусяць кіраваць людзі, якія не цікавяцца тым, чаго мы хочам?»

А вось у Бруселі, які прыхільнікі Brexit вінавацяць у абыякавасці, не хавалі смутку. Славутага хлопчыка жыхары гораду апранулі ў брытанскі строй, цэнтральную плошчу асвятлілі колерамі брытанскага сцяга. Кіраўнікі Еўразвязу расказалі, як ён будзе выглядаць без Брытаніі.

«Мы, Еўрапейскі Звяз, хочам захаваць максімальна шчыльныя стасункі з Вялікай Брытаніяй. Але мы хочам ясна сказаць: чым далей Вялікая Брытанія пастановіць адысці ад еўрапейскіх стандартаў, тым меншы доступ яна атрымае да адзінага рынку», – заявіў прэзідэнт Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль.

Прадстаўнікі Лондану сёння выйшлі з Еўрапейскай камісіі, Рады Еўразвязу і Еўрапейскага парламенту. Дэпутаты папулісцкай Партыі Brexit пакінулі парламент пад музыку.

«Сёння мы адзначаем пачатак нашай незалежнасці, нашую здольнасць кантраляваць уласныя законы, уласныя гандлёвыя ўгоды, уласныя межы. І мы верым, што Брытанія можа ісці наперад у будучыню радуючыся», – перакананая еўрадэпутатка ад Партыі Brexit Эн Ўідыком.

Праўда, ісці адразу не атрымаецца. Да канца года Брытанія застаецца ў адзіным рынку, але правілы яго працы вызначаць ужо не здолее. Брытанцы змогуць свабодна ездзіць па ўсім Еўразвязе. Што будзе далей, пастановіць новае пагадненне з Бруселем. На перамовы і падпісанне Лондан мае ўсяго 9 месяцаў.

«Калі Брытанія пра гэта не дамовіцца, яе чакае вельмі грубае абуджэнне: з разрывам эканамічных сувязяў з Еўропай і скочваннем у рэцэсію. Калі дамовіцца на нешта кшталту пагаднення ЕЗ – Канада, то яе чакае рэцэсія. У любым выпадку Брытанію чакае рэцэсія апроч зафіксавання статусу-кво», – прагназуе лонданскі медыяэксперт Аляксей Лявончык.

Ухваліць Brexit брытанскі парламент здолеў толькі праз 3,5 гады пасля рэферэндуму. У чэрвені 2016 года 52 адсоткі выбарнікаў прагаласавалі за выхад з Еўразвязу, вінавацячы яго ў некантраляванай міграцыі ды скарачэнні сацыяльных выдаткаў.

«Папулісты сыгралі на гэтым. Унутраныя крыўды, якія назапасіліся з апошняга крызісу, былі перакінутыя на Еўразвяз, як быццам бы ён быў у гэтым вінаваты», – тлумачыць Аляксей Лявончык.

Без Брытаніі эканоміка Еўразвязу стане меншаю на 15 адсоткаў. Еўразвяз пазбавіцца самага вялікага войска ў Еўропе і галоўнага фінансавага цэнтру. Аднак чуткі пра смерць Еўразвязу перабольшаныя.

«У Еўразвязе ёсць не толькі абмежаванні суверэнітэтаў, але і шматлікія перавагі, што датычыць размеркавання эканамічных дабротаў і палітычных інтарэсаў», – нагадвае аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў BISS Кацярына Шмаціна.

Вялікая Брытанія – гэта трэці беларускі экспартны партнёр пасля Расеі ды Украіны. У мінулым годзе даставілі туды нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў, будаўнічай арматуры ды мэблі амаль на 3 млрд долараў. Умовы гандлю пасля Brexit будзе вызначаць ужо не Еўразвяз.

«Беларусь наладжвае двухбаковыя адносіны з Аўстрыяй, Латвіяй. Такім жа чынам у беларускіх інтарэсах варта будзе наладжваць адносіны з Лонданам», – прагназуе Кацярына Шмаціна.

Прыхільнікі Brexit апоўначы збяруцца ля будынку парламенту, непадалёк ад знакамітага Біг Бэна. Вось толькі званіць ён не будзе: сімвал Брытаніі – на рэканструкцыі.

Аляксандр Папко belsat.eu