«Вы элементарны зэк». Медыкаў працягваюць звальняць


Ціск на медыкаў працягваецца. Ірыну Здоту, гінеколага з 30-гадовым стажам працы, звальняюць з прыватнага медычнага цэнтру за праяву палітычнай пазіцыі: яна наведвала маршы медыкаў, яе затрымалі ды збілі, а жанчына асмелілася паскардзіцца на дзеянні міліцыянтаў.

 

«Мне прама дырэктар сказаў, што гэта патрабаванне выканкаму, якое зыходзіць вышэй. Альбо мяне звальняюць, альбо цэнтр закрыюць. Праверкі заўсёды знойдуць, што знайсці ў прыватным цэнтры, як бы ты ні працаваў. Я сказала: «Добра, звальняйце». Ён адказаў: «За што? За што мне вас звольніць?», – расказвае Ірына Здота.

У Ірыны няма ніводнай вымовы, шмат гадоў яна лячыла бясплоддзе. Каб абараніць свае правы, яна ўступіла ў Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ).

«Рух медыкаў у прафсаюз, як і выкладчыкаў, студэнтаў, з’явіўся пасля пратэстаў», – расказвае старшыня СПБ Мікола Шарах.

Пратэсты медыкаў пачаліся 12 жніўня. Паводле звестак Беларускага фонду медычнай салідарнасці больш за 190 іх калегаў былі затрыманыя, не менш за тры дзясяткі – звольненыя, у тым ліку тры рэктары універсітэтаў, кандыдат медычных навук, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру.

«Ставяць графікі нязручныя, некаторым пагражаюць непадпісаннем кантракту, нейкія прэміяльныя пытанні», – дзеліцца неўролаг Руслан Бадамшын.

Руслан атрымаў вымову за «невыкананне працоўных абавязкаў». Гаворка пра час, калі ён адбываў арышт за ўдзел у маршах медыкаў.

«Якім чынам я іх мог выконваць, калі я адбываў адміністратыўны арышт на рашэнне суда? Вядучы юрысконсульт, у якой вышэйшая юрыдычная адукацыя, беспадстаўна пры ўсіх, пры адміністрацыі выказалася: «Для мяне вы элементарны зэк». І паўтарыла гэта некалькі разоў», – скардзіцца Руслан.

Медыкі спрабавалі змяніць сітуацыю яшчэ ў лістападзе, зрабіўшы гучную заяву аб масавым звальненні.

«Сёння 21-га, ніхто не звольніўся ў нас у цэнтры, таму што баяцца і не хочуць умешвацца. Няма медычнай салідарнасці! На жаль», – лічыць Ірына Здота.

Паводле Міколы Шараха пратэст медыкаў змяніўся. Цяпер у некаторых установах спрабуюць стварыць прадстаўніцтвы незалежнага прафсаюзу, некаторыя лекары трываюць італьянскую забастоўку, многія вымушаныя былі зʼехаць за мяжу.

«Шмат зʼехала. У нашых паліклініках застаўся вельмі пажылы кантынгент медычных работнікаў, нават пенсіянераў», – лічыць старшыня СПБ Мікола Шарах.

За кратамі дагэтуль застаецца студэнт медуніверсітэту Уладзіслаў Марціновіч, якога падазраюць у вядзенні телеграм-каналу «Белыя халаты», і лекар Арцём Сарокін, якога вінавацяць у распаўсюджванні інфармацыі пра тое, што забіты Раман Бандарэнка не быў пʼяны.

Алена Дубовік, belsat.eu